28 лiстапада 2024, Чацвер, 11:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусь патрэбная НАТО

13
Беларусь патрэбная НАТО
Андрэй Саннікаў

Расею трэба пазбавіць «беларускага балкона».

Сайт Charter97.org прадаўжае публікацыю артыкулаў з кнігі, выданай фондам «Еўрапейская Беларусь». Гэты артыкул напісаны лідарам грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэем Саннікавым.

У канцы 20-га стагоддзя адбыліся дзве гучныя геапалітычныя падзеі, якія істотна паўплывалі на пасляваенную архітэктуру бяспекі: руйнаванне Берлінскага муру ў 1989 годзе, якое сімвалізавала аб'яднанне Нямеччыны, і крах таталітарнай Савецкай імперыі.

Вакуум бяспекі 90-х

Пытанне змены архітэктуры бяспекі ў Еўропе выйшла на першую ролю пасля раскідання Савецкага Саюза ў 1991 годзе і адраджэння незалежных дзяржаў. Надзейнага развязання так і не было знойдзена.

Ні новаствораныя незалежныя дзяржавы, ні астатні дэмакратычны свет з усімі сваімі інстытутамі не ўсведамлялі складанасці задач, якія перад імі стаяць.

Заканчэнне халоднай вайны ўспрымалася як агульная перамога Захаду і яго "мяккай сілы", і лічылася, што заканчэннем місіі стане развязанне праблемы "жорсткай сілы", якая захоўвалася пасля супрацьстаяння дзвюх палітычных сістэм.

Інакш кажучы, адаптацыя Пагаднення аб звычайных узброеных сілах у Еўропе (ПЗУСЕ) і захадаў даверу, як і забеспячэнне кантролю над савецкай ядзернай зброяй праз пагадненні аб ядзерным раззбраенні паміж СССР і ЗША, былі прызнаныя дастатковымі гарантыямі захаванняя бяспекі.

Да таго ж, міжнародная бяспека, ядзернае раззбраенне і раззбраенне ў галіне звычайных узбраенняў не займалі першае месца ў спісе прыярытэтных задач новаствораных незалежных дзяржаў. Праблемы дзяржаўнага будаўніцтва, пільныя эканамічныя праблемы, неабходнасць правядзення рэформаў і нястача рэсурсаў дыктавалі рэальную герархію прыярытэтаў.

Мінулыя памылкі, якія прычыніліся да катастрофы ў нашы дні

Дзяржавам, якія здабылі незалежнасць пасля раскідання СССР, давялося весці цяжкія перамовы аб бяспецы з Захадам і паміж сабой пад ціскам больш складаных праблем. Нядзіўна, што ў гэтых абставінах было дапушчана шмат памылак, і шмат якія стратэгічныя пастановы былі прынятыя спехам.

Адной з найгрубейшых памылак стала ўхваленне правапераемнасці Расеі ў Радзе Бяспекі ААН ды іншых міжнародных арганізацыях. Такое ўхваленне стала вынікам махлярства Расеі падчас перамоў аж да фальсіфікацыі дакумента, які іншыя дзяржавы Супольнасці Незалежных Дзяржаў (СНД) падпісалі, не ведаючы дакладна, што менавіта яны падпісваюць(1).

Іншыя сталыя сябры Рады Бяспекі ААН падтрымалі гэтую несумленную гульню і прызналі пераход правоў і абавязкаў ад таталітарнай дзяржавы да Расеі, тым самым перадаўшы мноства міжнародных вагароў уплыву непрадказальнаму ўтварэнню, усё яшчэ моцна ачмуранаму імперыялізмам. (Уявіце, што сёння няма Расеі ў якасці сталага сябра Рады Бяспекі ААН! Міжнародны мір і бяспека былі б у значна лепшым стане).

Дэмакратычны свет і сусветныя лідары разглядалі Расею пачатку 90-х як дэмакратычную дзяржаву, якая развіваецца, і далі ёй такую свабоду дзеянняў у міжнародных стасунках, якая выходзіла за рамкі разумнага. Акрамя таго, суб'екты вольнай рынкавай эканомікі былі зацікаўленыя ў велізарным расейскім рынку і былі ахвочыя крыху парушыць правілы, каб займець гэты рынак.

Такім чынам, калі Расея вынайшла тэрмін "блізкае замежжа", Захад хутка пераклаў яго як "near abroad" і прызнаў за ім права існавання ў бягучай палітычнай рэчаіснасці, тым самым спрыяючы захаванню дамінантнага становішча Расеі на постсавецкай прасторы.

Спробы распачаць змястоўную дыскусію аб будучыні еўрапейскай бяспекі, не кажучы ўжо пра міжнародную бяспеку ў шырокім сэнсе, не былі сур'ёзнымі, нягледзячы на новыя магчымасці, якія ўзніклі пасля змены геапалітычнай сітуацыі і з'яўлення новых больш адкрытых каналаў сувязі паміж былымі супраціўнікамі.

Стасункі паміж ЗША, якія засталіся звышдзяржавай, і рэшткамі ад іншай звышдзяржавы, Расеяй сталі больш празрыстымі, але па-ранейшаму захоўвалі значную ступень недаверу з абедзвюх старон.

Нягледзячы на ўсе адпаведныя заявы аб прыхільнасці да прынцыпаў дэмакратыі, вяршэнства права і павагі суверэнітэту сваіх суседзяў, Расея ніколі не мерылася іх адпускаць і разглядала ўсё новыя незалежныя дзяржавы як сваю “сферу ўплыву”.

Новыя магчымасці і новыя супярэчнасці

Раскіданне СССР азначала неўнікнёны крах Варшаўскага пакту(2).

Меркавалася, што геапалітычныя змены, якія адбыліся ў канцы ХХ стагоддзя, ліквідуюць супярэчнасці паміж Усходам і Захадам, аднак жаданы вынік не быў дасягнуты, а ў шэрагу выпадкаў узніклі новыя супярэчнасці паміж краінамі былога Усходняга блока і краінамі былога Савецкага Саюза. Краіны былога Варшаўскага пакту і тры балтыйскія дзяржавы ведалі, што іх чакае інтэграцыя з Захадам, і цвёрда рухаліся ў гэтым кірунку, хоць і з рознай хуткасцю.

Краіны былога СССР не маглі дазволіць сабе такую раскошу, як вольны геапалітычны выбар. Найперш ім давялося разабрацца з праблемай узаемнай залежнасці і з залежнасцю ад Расеі. Еўрапейскія рэспублікі былога СССР унеслі вызначальны ўклад у параўнальна бяспечны пераход краін Цэнтральнай Еўропы з палітычнай арэны Усходу на палітычную арэну Захаду, пагадзіўшыся стварыць СНД і падпарадкаваўшыся расейскаму панаванню.

У 90-я гады гэтыя супярэчнасці не здаваліся небяспечнымі, аднак яны спакваля сфармаваліся ў выразную лінію, якая зноў аддзяліла частку Еўропы. Пошукі новых механізмаў бяспекі ў канчатковым выніку прычыніліся да ўзнікнення дзвюх тэндэнцый, якія ў агульных рысах вызначылі сітуацыю ў рэгіёне ў XXI стагоддзі.

Гэтыя тэндэнцыі былі супрацьлеглымі:

- адна з іх — у добраахвотным далучэнні былых сябраў Варшаўскага пакту да НАТА пры шырокай падтрымцы насельніцтва.

- другая была абумоўленая спехам створаным новым вайсковым пактам, які кантралявала Расея, і ў рамках якога некалькі краін СНД былі вымушаныя падпісаць Дамову аб калектыўнай бяспецы (ДКБ)(3).

Варта адзначыць, што ДКБ была падпісаная значна раней за першы этап павелічэння НАТА ў 1998 годзе.

На пачатку 1994 года НАТА заснавала праграму "Партнёрства дзеля міру" ("Partnership for Peace"), паводле якой, на думку прэзідэнта ЗША Клінтана, НАТА мелася саступіць дарогу краінам Усходняй Еўропы, у тым ліку тым, якія былі часткай Савецкага Саюза, і нават самой Расеі. Мэтай было забеспячэнне супрацоўніцтва "для найлепшай будучыні Еўропы"(4). Гэтая ініцыятыва НАТА была накіраваная на пошук глебы для супрацоўніцтва ў сферы бяспекі з Расеяй ды іншымі новастворанымі незалежнымі дзяржавамі. Расея неахвотна гэта прыняла. Аднак дзяржавы Цэнтральнай Еўропы былі незадаволеныя праграмай. Яны баяліся, што гэта можа стварыць перашкоды для іх паўнапраўнага сяброўства ў арганізацыі.

Яны баяліся адплаты Расеі і паводзіліся вельмі асцярожна. Яны не заяўлялі публічна аб сваіх імкненнях стаць сябрамі НАТА. У нейкі момант Польшча нават выступіла з ідэяй стварэння "NATO-bis", або ценявой НАТА, для Усходняй і Цэнтральнай Еўропы.

Стрыманасць і асцярожнасць былых сябраў Варшаўскага пакту была зразумелая: па-першае, ім трэба было пазбавіцца ад савецкіх войскаў на сваіх тэрыторыях, а гэта была няпростая і рызыкоўная задача, якая пагражала бязладдзем. Калі ім гэта нарэшце ўдалося, шлях у НАТА быў расчышчаны, і краіны Цэнтральнай Еўропы на чале з Вышаградскай групай пачалі працэс уступлення ў Паўночнаатлантычны альянс.

А што з Беларуссю?

Як і ўсе іншыя незалежныя дзяржавы, якія ўзніклі пасля раскідання СССР (акрамя, вядома, краін Балтыі), Беларусь не магла б заявіць аб сваім імкненні ўступіць у НАТА, нават калі б захацела. Беларусь стала незалежнай на пачатку 90-х, але яна не стала свабоднай. Дэмакратычныя сілы ніколі не былі ва ўладзе ў Беларусі. На палітыку паўплывала рэтраградная камуністычная большасць у парламенце і ўрадзе, а таксама прыход да ўлады Лукашэнкі. Менавіта таму Беларусь не змагла сфармуляваць якую-небудзь свабодную і незалежную канцэпцыю бяспекі.

Беларусь усё ж унесла свой уклад у еўрапейскую і міжнародную бяспеку і адыграла стваральную ролю ў перамовах аб бяспецы і раззбраенні ў галіне звычайных узбраенняў у Еўропе і аб ядзерных арсеналах былога СССР.

Расейская вайсковая экспансія ў Грузіі ў 2008 годзе і ва Украіне ў 2014 годзе засталася практычна беспакаранай, што было ўспрынятае Пуціным як слабасць Захаду і стала падставай для прыняцця пастановы аб пачатку поўнамаштабнай вайны супраць Украіны ў лютым 2022 года.

Былі і іншыя чыннікі, якія падрыхтавалі глебу для беспрэцэдэнтнай крывавай вайны ў Еўропе.

Адным з такіх чыннікаў стала дыктатура Лукашэнкі ў Беларусі, якая шмат у чым стала правобразам рэжыму Пуціна і забяспечыла ўсе неабходныя варункі для таго, каб расейская агрэсія стала магчымай, у тым ліку забеспячэнне лагістыкі.

Дыктатура заўсёды азначае вайну, будзь гэта вайна дыктатара супраць уласнага народа або, як у выпадку нападу Расеі на Украіну – жахлівая вайна супраць сваіх суседзяў. Самы дзейсны спосаб прадухіліць вайну – пазбавіцца ад дыктатуры.

Лукашэнку было дазволена цалкам выгодна існаваць на працягу амаль 30 гадоў, нягледзячы на жахлівыя парушэнні правоў чалавека і нават палітычныя забойствы. Ён лёгка пераадольваў кароткачасовыя "санкцыі", якія былі вельмі мяккімі да 2020 года. Нават у 2020 годзе, калі ў Беларусі адбылася рэвалюцыя, Захад рэагаваў вельмі марудна і неэфектыўна. Лукашэнка перажыў рэвалюцыю і жорстка расправіўся з пратэстоўцамі, а потым ахвотна даў тэрыторыю Беларусі свайму калегу-дыктатару Пуціну для нападу на Украіну. Вайна супраць Украіны рыхтавалася спрэс відавочна падчас маштабных расейска-беларускіх вайсковых вучэнняў на тэрыторыі Беларусі. Захад прыняў за лепшае не заўважаць небяспечную падкладку для будучай вайны ў гэтых вучэннях.

Альтэрнатывы НАТА сёння не існуе

Варварская вайна Расеі супраць Украіны ясна дала зразумець, якім менавіта чынам трэба гарантаваць бяспеку ў Еўропе.

Расея пагражае Еўропе, а Арганізацыя Паўночнаатлантычнага трактату забяспечвае яе абарону. Усё вельмі проста.

Усе спробы ўключыць Расею ў агульную сістэму бяспекі, як і спробы "не адштурхнуць" Расею былі нічым іншым, як палітыкай уціхамірвання ваяўнічай дыктатуры.

Украіна ўсведамляла небяспеку, якая ідзе ад Расеі, і на працягу мноства гадоў спрабавала дамагчыся станоўчай і пэўнай пастановы аб сваім сяброўстве ў НАТА. Саміт НАТА ў Бухарэсце ў 2008 годзе часта крытыкуюць за тое, што ён не апраўдаў чаканняў Грузіі ды Украіны. Гэта падахвоціла Расею ўварвацца ў Грузію ў тым жа годзе і ва Украіну ў 2014 годзе. Аднак няўдачай у Бухарэсце стала не адмова ад ПДС (План дзеянняў для сяброўства ў НАТА) як такой, а саступка, якая была зробленая Пуціну. Ён выставіў ультыматум аб спыненні будучага павелічэння НАТА. І вось, пасля задавальнення гэтага ультыматуму Пуціна, яму дазволілі выйсці на саміце з прамовай, чым ён і скарыстаўся, каб яшчэ больш прынізіць Грузію і Украіну, дый самую НАТА.

Гэта была цяжкая навука для НАТА. Альянс у цэлым дрэнна даў рады сітуацыі, якая склалася ў 2008 годзе. Яшчэ больш цяжкім, трагічным і нават смяротным выявілася гэтая навука для Украіны, якая ахвяруе жыццём сваіх грамадзян, каб выратаваць сваю краіну і ўсю Еўропу ад бязлітасных забойцаў з Усходу.

Украіна мае законнае права патрабаваць прыняцця тэрміновай пастановы аб сваім сяброўстве ў НАТА, і такую пастанову неабходна прыняць неадкладна пасля перамогі Украіны ў вайне супраць Расеі.

У той жа час трэба адзначыць, што ўстойлівы мір у рэгіёне і ў Еўропе магчымы толькі пры свабоднай і дэмакратычнай Украіне ды свабоднай і дэмакратычнай Беларусі.

Геапалітычнае значэнне Беларусі

Беларусь шмат у якіх аспектах займае надзвычай важнае месца ў Еўропе. Яе геапалітычнае значэнне абумоўленае наяўнасцю двух геаграфічных рэгіёнаў на ўсходніх і заходніх межах краіны. Гэта Смаленская брама і Сувалкскі калідор.

Смаленская брама — гэта зона паміж рэкамі Дзвіной і Дняпром, адзін з найбольш стратэгічна важных калідораў для трансгранічнага гандлю паміж Усходам і Захадам. Смаленская брама адыгрывае важную ролю не толькі для Расеі, але, у плане гандлю з Еўропай, і для Кітая — другой эканомікі свету.

У той жа час Смаленская брама ў Беларусі — гэта шлях, якім Расейская імперыя неаднаразова ўрывалася ў Еўропу і якім Расейская Федэрацыя цяпер уварвалася ва Украіну, каб захапіць Кіеў.

З гісторыі вядома, што, калі Расея пачынала ўварванне ў Еўропу праз Смаленскую браму, яе войскі даходзілі да Віслы ды ішлі далей — да Эльбы і Дуная.

Сувалкскі калідор — гэта другі геастратэгічны абшар. Ён набыў асаблівае значэнне пасля раскідання СССР і краху Варшаўскага пакту. Ён надзвычай важны для бяспекі Балтыйскага рэгіёна, бо падзяляе Беларусь і расейскі эксклаў — Калінінград. Гэты калідор з’яўляецца адзіным аўтамабільным і чыгуначным маршрутам паміж Польшчай, Цэнтральнай Еўропай і краінамі Балтыі. У выпадку ўварвання блакаванне Сувалскага калідора адрэжа тры краіны ад кантынентальнй Еўропы. З гэтых прычын пэўныя эксперты называюць Сувалкскі калідор "ахілесавай пятой" НАТА.

Беларусь выступала як ключавы геапалітычны чыннік у перыяды напружанасці паміж Расеяй і Захадам. Ад яе палітыкі залежыць як абвастрэнне сітуацыі (калі Беларусь становіцца на старану Расеі), так і аслабленне напружанасці (калі Беларусь становіцца дэмакратычнай дзяржавай і ўз'ядноўваецца з Еўропай).

Неўнікнёны выбар спосабу гарантавання бяспекі для Беларусі

З моманту набыцця Беларуссю незалежнасці абмяркоўваліся розныя варыянты гарантавання яе бяспекі. Неабходна было знайсці адэкватнае развязанне да таго, як надышоў бы час рабіць свабодны і якасны выбар што да пытанняў бяспекі.

На працягу даволі доўгага часу шмат якія дэмакратычныя апазіцыйныя палітыкі і цэнтры разглядалі ідэю стварэння Балтыйска-Чарнаморскага звязу, выстаўленую ў 1992 годзе Беларускім Народным Фронтам (БНФ). Прапаноўвалася вызваліць яго ад вайсковых баз НАТА і Расеі, каб ён паслужыў буферам паміж супрацьлеглымі сіламі.

Нешта падобнае прапаноўвала і Украіна. У красавіку 1993 года Кіеў падрыхтаваў праект стварэння Цэнтральна-Усходнееўрапейскай прасторы стабільнасці і бяспекі (ЦУЕПСБ)(5).

Відавочна, што гэта была спроба знайсці механізм гарантавання бяспекі, які абараніў бы Усходнюю Еўропу ад Расеі. Аднак гэта не спрацавала нават у выпадку Украіны, хоць яна і мела значна большую незалежнасць ад Расеі.

Геапалітычная канцэпцыя “Міжмор'я” існуе і дагэтуль у ЕЗ (на жаль, без Украіны і Беларусі), і з’яўляецца болей эканамічным праектам. Ясна, што гэта не можа быць развязаннем праблемы бяспекі для еўрапейскіх краін за межамі Еўразвязу.

Вайна, якую Расея распачала супраць Украіны, і рэакцыя свету паказалі, што ўсе рэгіянальныя дамоўленасці — гэта хісткія і ненадзейныя канструкцыі перад абліччам агрэсіі Расеі. Расея — гэта дзяржава, якая можа лёгка парушыць усякія міжнародныя абавязанні і дэнансаваць усякія ўмовы і пагадненні ў галіне бяспекі і раззбраення.

НАТА – адзіны орган у галіне гарантавання бяспекі, які прыйшоў на дапамогу Украіне, і далей дае разнастайную дапамогу і падтрымку.

Сёння Украіна цалкам справядліва пачала перамовы аб гарантыях бяспекі, накіраваных на абарону краіны ад паўтарэння расейскай агрэсіі ў будучыні. Такія гарантыі немагчымыя, калі яны не ўлічваюць і не ўключаюць у сябе свабодную і дэмакратычную Беларусь.

Нядаўні гістарычны досвед паказаў, што Крэмль, быўшы крыніцай бесперапыннай агрэсіі, выкарыстоўвае Беларусь, што знаходзіцца пад кіраваннем дыктатарскага рэжыму, як плацдарм для вайны супраць Еўропы і будзе выкарыстоўваць датуль, пакуль краіна не стане свабоднай і дэмакратычнай.

Свабоднай Беларусі неабходна будзе як мага хутчэй стаць сябрам НАТА, каб абараніць сваю незалежнасць і забяспечыць будучы росквіт.

У той жа час Беларусь патрэбная НАТА, каб прадухіліць магчымае выкарыстанне Расеяй гэтага “балкона” для агрэсіі ў будучыні і засланіць відавочную зеўру ў еўрапейскай бяспецы.

____________________________________________

Нататкі

1. https://www.un.org/en/about-us/member-states/russian-federation

2. Варшаўскі пакт — пагадненне аб калектыўнай абароне, укладзенае паміж Савецкім Саюзам і сямю іншымі яго дзяржавамі-сатэлітамі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы: Албаніяй, Балгарыяй, Чэхаславаччынай, Усходняй Нямеччынай, Вугоршчынай, Польшчай і Румыніяй (Албанія выйшла з Пакту ў 1968 годзе).

3. Дамова была падпісаная 15 траўня 1992 года ў Ташкенце кіраўнікамі шасці краін: Арменіі, Казахстана, Кіргізстана, Расеі, Таджыкістана і Узбекістана. У снежні 1993 года Дамову падпісала і Беларусь пад ціскам з боку Расеі і камуністычных сіл унутры краіны. Нягледзячы на такі ціск і нават шантаж Расеі, Украіна здолела ўнікнуць гэтай пасткі.

4. https://heinonline.org/HOL/LandingPage?handle=hein.journals/dsptch13&div=20&id=&page

5 У ЦУЕПСБ меліся ўвайсці краіны Балтыі, Украіна, Беларусь, Польшча, Чэхія, Славаччына, Вугоршчына, Аўстрыя, Балгарыя і Румынія.

Даведка

Андрэй Саннікаў — кіраўнік Фундацыі "Еўрапейская Беларусь".

Кар'ерны дыпламат, працаваў у МЗС Беларусі, у тым ліку намеснікам міністра замежных спраў у 1995-96 гадах.

Узначальваў беларускія дэлегацыі на перамовах аб звычайным і ядзерным раззбраенні.

Падаў у адстаўку на знак пратэсту супраць палітыкі Лукашэнкі ў 1996 годзе.

Быў кандыдатам на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года ў Беларусі і меў другі велічынёй адсотак галасоў выбаршчыкаў. Быў арыштаваны, кінуты ў турму КДБ і асуджаны за арганізацыю мірнага пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў. Пасля вызвалення ў 2012 годзе мусіў з'ехаць з Беларусі. Жыве і працуе ў Еўропе.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках