1 снежня 2024, Нядзеля, 4:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Знойдзеныя самыя старажытныя могілкі ў Беларусі

3
Знойдзеныя самыя старажытныя могілкі ў Беларусі

Дзе яны размешчаныя.

Падчас археалагічных раскопак у Менскай вобласці яшчэ 20 гадоў таму было знойдзенае пахаванне старажытных людзей. І толькі ў 2019 годзе навукоўцы змаглі яго датаваць IX тысячагоддзем да нашай эры.

Помнік археалогіі знаходзіцца ў Крупскім раёне. Тут размешчанае возера Сялява. Да мінулага стагоддзя востраў на ім злучаўся з «вялікай зямлёй» пярэсмыкам. Цяпер ён адрэзаны ад сушы.

У цэлым на гэты момант на востраве вядомыя тры археалагічныя помнікі. Два з іх больш як 20 гадоў вывучаў Вадзім Шадыра.

Паводле словаў навуковага супрацоўніка аддзела археалогіі першабытнага грамадства Інстытута гісторыі НАН Аляксандра Вашанава, які цяпер займаецца даследаваннем вострава, у той час тут выявілі знаходкі, звязаныя непасрэдна з днепра-дзвінскай культурай жалезнага веку і раннім Сярэднявеччам.

Трэці помнік

Блізу двух гадоў таму на востраве падчас выведкі знайшлі новы помнік, у навуковым асяроддзі названы Клішына-3. Яго складаюць дзве рознаўзроўневыя тэрасы: адна – ранняга мезаліту X–VII тысячагоддзя да н. э. кундскай культуры (верхняя тэраса), другая – ранняга неаліту VI тысячагоддзя да н. э. нарвскай культуры (каля самага краю вады).

У гэтым сезоне на верхняй тэрасе была знойдзеная касцяная падвеска. Яна падобная да тых, якія знаходзіў Вадзім Шадыра. Раней іх інтэрпрэтавалі ў сувязі з эпохамі жалеза і бронзы. Такім чынам, была ўстаноўленая прамая сувязь помніка Клішына-3 і гарадзішча, дзе вядомы культурны пласт эпохі ранняга мезаліту.

У 2019 годзе ў рамках праекту вывучэння старажытнай ДНК чалавека змаглі датаваць тры пахаванні з гарадзішча на Сяляве. Там раней былі знойдзеныя восем пахаванняў.

ДНК-аналіз вызначыў, што адно з пахаванняў адносіцца да кундскай культуры. Яно было зробленае блізу 9 тыс. гадоў да н.э. (11 тыс. гадоў таму).

Паводле словаў беларускіх навукоўцаў, на сёння гэта самае старажытнае пахаванне ў Беларусі. Пакуль больш ранніх чалавечых парэшткаў на тэрыторыі нашай краіны знойдзена не было.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках