Выгаралі цэлыя кварталы: што адбываецца ў Лос-Анджэлесе
25- 10.01.2025, 13:30
- 8,736
Колькасць ахвяр пажараў вырасла.
У Каліфорніі працягвае лютаваць маштабны пажар. Лос-Анджэлес апынуўся ў вогненнай «пастцы», утаймаваць стыхію ратавальнікам пакуль не ўдаецца, у тым ліку і праз моцныя вятры. У горадзе выгаралі цэлыя кварталы, свае дамы страцілі ў тым ліку і галівудскія знакамітасці, агонь, як паведамляецца, распаўсюдзіўся на «Алею славы» і канцэртную залу «Галівуд Боўл».
Вядома аб, прынамсі, дзясяці загінулых у пажары. Хроніку стыхійнага бедства і барацьбы з ім вядзе CNN.
Да раніцы 10 студзеня вядома, што ў выніку некалькіх вялікіх лясных пажараў у Лос-Анжэлесе загінулі сама меней дзесяць чалавек. Такія звесткі агучыў Дэпартамент судова-медыцынскай экспертызы акругі Лос-Анджэлес. Ніякіх імёнаў судмедэксперты не назвалі, спаслаўшыся на неабходнасць правядзення ідэнтыфікацыі і абвесткі найбліжэйшых сваякоў.
Да гэтага афіцыйна агучвалася інфармацыя аб мінімум пяцярых загінулых. Устанаўленне ж рэальнай колькасці ахвяр пакуль немагчыма: праз агонь, абарваныя лініі электраперадач і выцек газу следчыя не могуць дабрацца да месцаў, дзе лютуе агонь, таму, са слоў шэрыфа акругі Лос-Анджэлес Роберта Луны, «шчыра кажучы, мы яшчэ не ведаем», колькі жыццяў забрала гэтае бедства.
«У свой час мы зможам правесці больш дбайны пошук у пацярпелых раёнах. Некаторыя з іх выглядаюць, як быццам на іх скінулі бомбу», – падкрэсліў ён, выказаўшы надзею на тое, што колькасць ахвяр будзе не вельмі вялікай.
З раёнаў стыхійнага бедства ўжо эвакуяваныя дзясяткі тысяч чалавек. У горадзе выгаралі цэлыя кварталы: паведамляецца аб блізу 10 тысяч знішчаных агнём будынкаў паміж прыбярэжным раёнам Палісэйдс на захадзе горада (там лютуе самы разбуральны пажар з усіх, калі-небудзь перажываў Лос-Анджэлес) і Ітанам на ўсходзе. Першы з раёнаў знішчаны практычна цалкам.
Пры гэтым барацьба са стыхіяй працягваецца вельмі цяжка. Найбольшага прагрэсу дасягнулі пажарныя ў палаючым з аўторка раёне Херст: да раніцы пятніцы агонь там лакалізаваны прыкладна на 37% (агулам пажар распаўсюдзіўся на 771 акр). У раёне Лідзіі пажар на плошчы амаль 348 акраў удалося абмежаваць на 60%.
У прэстыжным раёне Пасіфік Палісэйдс, дзе агонь лютуе на 19978 акрах, пажар быў лакалізаваны на 6%.
Складаней за ўсё з утаймаваннем агню справа прасоўваецца ў раёнах Ітан (13 690 акраў) і Кенэт (960 акраў): там наогул не ўдаецца абмежаваць распаўсюджванне пажару.
Дарэчы, перашкодай рабоце пажарных становяцца вятры Санта-Ана з моцнымі парывамі. У пажарнай службе Лос-Анжэлеса адзначаюць: толькі ў Палісэйдс з агнём змагаюцца амаль 2,3 тысячы пажарных, яны прыехалі з усяго штата. Чакаецца, што ратавальнікаў стане больш, як толькі палепшацца варункі надвор'я.
Таксама для дапамогі на месцы стыхійнага бедства будуць задзейнічаныя Нацыянальная гвардыя Каліфорніі. Нацгвардзейцы, напрыклад, будуць дапамагаць праваахоўным органам супрацьдзейнічаць марадзёрам і ашуканцам, «нацэленых на ўразлівых ахвяр» - эвакуяваных грамадзян.
Плануецца таксама размяшчэнне большай колькасці пажарных, а таксама ўвядзенне каменданцкай гадзіны ў пацярпелых раёнах, дзе была абвешчаная абавязковая эвакуацыя.
Між тым, у Альтадэне ў параўнанні з іншымі ачагамі пажары пераважна патухлі, сведчаць спадарожнікавыя здымкі Maxar Technologies.
СМІ пішуць аб тым, што агонь практычна цалкам знішчыў набярэжную Малібу з самай дарагой нерухомасцю ў Каліфорніі. У прыгарадах Лос-Анджэлеса, як паведамляецца, праз пажар страцілі свае дамы цэлы шэраг галівудскіх зорак, у тым ліку Энтані Хопкінс, Леанарда дзі Капрыа, Том Хэнкс, Мэт Дэйман, Джэймі Лі Керціс, Мендзі Мур, Бэн Афлек, Пэрыс Хілтан, Джэймс Вуд.
Таксама, з паведамленняў, пажары распаўсюдзіліся на культавыя месцы, такія як галівудская «Алея славы» і канцэртная зала «Галівуд Боўл» і ўжо ахапілі дзясяткі тысяч акраў.
Прагназуецца, што гэты пажар прывядзе да рэкорднай шкоды ў гісторыі: больш за 50 млрд даляраў.