Які сыр самы карысны для здароўя?
- 11.01.2025, 14:50
- 4,054
Дыетолаг параўнала восем гатункаў.
Дыпламаваны дыетолаг Джулі Аптан назвала 8 самых карысных для здароўя сыроў, піша eatthis.com.
«Хоць шмат хто ўважае сыр за карысны малочны прадукт, некаторыя не раяць яго праз змяшчэнне ў ім насычаных тлушчаў і натрыю. Аднак, пры наяўнасці больш чым 1500 гатункаў сыру яго харчовая каштоўнасць можа значна адрознівацца», - адзначыла эксперт.
Са слоў дыетолага, сыр - багаты пажыўнымі рэчывамі малочны прадукт, які можа стаць каштоўнай часткай здаровага рацыёну. Ён змяшчае высакаякасны бялок, кальцый, калій, магній і вітаміны групы В. Некаторыя гатункі, асабліва вытрыманыя, але не пастэрызаваныя, таксама змяшчаюць карысныя прабіётыкі, якія падтрымліваюць страваванне і агульны стан здароўя. Паводле звестак Гарвардскай школы грамадскай аховы здароўя, распаўсюджаныя сыры, багатыя на прабіётыкі, уключаюць такія: швэйцарскі, правалонэ, гаўда, чэдэр, эдам і тварог.
Спецыялістка папярэдзіла, што вызначальнае значэнне мае ўмеранасць ужывання, бо тлустыя гатункі могуць змяшчаць шмат насычаных тлушчаў. Напрыклад, Амерыканская кардыялагічная асацыяцыя рэкамендуе не перавышаць 6% ад дзённай каларыйнасці – блізу 13,5 грамаў для дыеты на 2000 калорый.
Які сыр больш карысны - спіс ад дыетолага
У свой пералік самых карысных сыроў Джулі Аптан уключыла такія:
Мацарэла (часткова абястлушчаная). Змяшчае менш калорый, насычаных тлушчаў і натрыю ў параўнанні са шматлікімі іншымі «больш шчыльнымі» гатункамі сыру.
Тварог. Адзін з найбагацейшых бялком і найменш тлустых гатункаў сыру, што робіць яго папулярнай так званай «дыетычнай» ежай. Апроч таго, што тварог багаты на кальцый, ён змяшчае лейцын - незаменную амінакіслату для нарошчвання і захавання цягліцавай масы.
Фета. У гэтым сыры менш калорый і насычаных тлушчаў, чым у большасці іншых.
Швэйцарскі сыр. Багаты на бялкі швэйцарскі сыр з'яўляецца адным з самых карысных сыроў, бо змяшчае больш вітаміну B12, чым іншыя сыры, і з'яўляецца адным з нямногіх гатункаў з вітамінам A, які з'яўляецца пажыўным рэчывам, важным для імуннай сістэмы і вачэй.
Пармезан (цёрты). Змяшчае больш натрыю, чым многія іншыя сыры, але праз высокае змяшчэнне бялку і ўмеранага змяшчэння насычаных тлушчаў ўваходзіць у спіс найлепшых варыянтаў.
Казіны. Змяшчае шэсць грамаў бялку і такія неабходныя пажыўныя рэчывы, як кальцый і вітамін А. Ён таксама змяшчае прабіётыкі для падтрымання здароўя СКТ.
Рыкота (часткова абястлушчаная). Гэта добрая крыніца кальцыю, вітаміну А, вітамінаў групы В і калію.
Вытрыманы чэдэр. Змяшчае менш лактозы і можа лягчэй засвойвацца. Акрамя таго, ён багаты на вітамін К2, неабходны для шчыльнасці касцей. А таксама змяшчае карысныя прабіётыкі, якія падтрымліваюць здароўе страўнікава-кішачнага тракта і агульную імунную сістэму.