Адзін з беларускіх банкаў аднавіў прыём на інкаса даляраў ЗША і еўраў
13- 13.01.2025, 16:24
- 17,604
Цяпер можна здаць пашкоджаныя купюры для абмену.
«Беларусбанк» аднавіў прыём на інкаса даляраў ЗША і еўраў. Цяпер можна здаць пашкоджаныя купюры для абмену. Раней банк прымаў на інкаса толькі расейскія рублі.
Згодна з новымі правіламі, банкноты даляраў ЗША, еўраў і расейскіх рублёў, якія маюць пашкоджанні, прымаюцца з камісіяй у суме 5% ад сумы валюты ў эквіваленце беларускіх рублёў, але не менш як 25 рублёў. Акрамя таго, кліент павінен кампенсаваць банку выдаткі, звязаныя з адпраўкай купюр у банк- контрагент.
Калі ж банк не зможа адправіць купюры на экспертызу цягам 6 месяцаў, то кліенту вернуць грошы і камісію, запэўнілі ў банку.
Выплату сродкаў па рэалізаванай замежнай валюце кліенту выканаюць у той жа валюце, якую ён здаў, або ў той валюце, якую банк атрымаў ад банка-контрагента ў якасці кампенсацыі.
Калі пры абмене кліенту належыць сума, меншая за мінімальны намінал банкноты, то гэта дробавая частка будзе выплачаная ў манетах (калі яны ёсць у касе) або ў беларускіх рублях устаноўленым банкам курсам.
Варта адзначыць, што большасць беларускіх банкаў яшчэ ў 2022 годзе перасталі абменьваць пашкоджаныя замежныя банкноты. Гэта звязанае з санкцыйнымі абмежаваннямі і, як вынік, з цяжкасцямі ў вяртанні купюр у банк-эмітэнт.