Навукоўцы высветлілі, калі піць каву карысней за ўсё
2- 13.01.2025, 21:55
- 8,364
Амерыканскія навукоўцы правялі дзесяцігадовыя назіранні.
Згодна з новым даследаваннем, ранішняе ўжыванне кавы найбольш карыснае для здароўя. Амерыканскія навукоўцы правялі дзесяцігадовыя назіранні за 40 тысячамі чалавек, беручы да ўвагі генетыку, хранічныя захворванні і харчовыя звычкі, і прыйшлі да высновы, што ранішняя кава зніжае верагоднасць заўчаснай смерці на 16%, паведамляе ў Independent.
Даследаванне таксама паказала, што ўжыванне кавы не павялічвае верагоднасць захворванняў сэрца і сасудаў, а наадварот, можа зніжаць рызыку развіцця хранічных хваробаў, такіх як дыябет. Асабліва прыкметны эфект у зніжэнні рызыкі сардэчна-сасудзістых захворванняў – на 31% у тых, хто п'е каву выключна раніцай.
Пры гэтым навукоўцы адзначаюць, што не было выяўлена зніжэння рызыкі ў тых, хто п'е каву цягам усяго дня ў параўнанні з тымі, хто не п'е каву ўвогуле.
Магчымае тлумачэнне гэтага можа заключацца ў тым, што ўжыванне кавы днём ці ўвечары можа парушыць цыркадныя рытмы і ўплываць на ўзровень мелатаніну і іншых гармонаў. Гэта, у сваю чаргу, можа ўплываць на рызыку з'яўлення сардэчна-сасудзістых захворванняў.