19 студзеня 2025, Нядзеля, 19:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Bloomberg: Расея можа страціць амаль 30% марскога экспарту нафты

1
Bloomberg: Расея можа страціць амаль 30% марскога экспарту нафты

Праз новыя санкцыі ЗША.

Новы раўнд узмацнення жорсткасці амерыканскіх санкцый, пад якія патрапілі “Сургутнафтагаз”, “Газпрам нафта”, а таксама больш за 180 танкераў «ценявога» флоту Крамля, ставіць пад пагрозу продажы нафты за мяжу ў аб'ёме да 800 тысяч барэляў за дзень. Такую адзнаку ў аглядзе ў панядзелак даюць аналітыкі Альфа-банка.

У выніку расейскія нафтавыя кампаніі могуць страціць 27,5% марскога нафтавага экспарту, які, са звестак Bloomberg, складаў 2,9 млн барэляў на дзень на пачатак студзеня.

Агульны экспарт расейскай нафты, з улікам трубаправодных паставак у Вугоршчыну, Славакію і Кітай, - вышэй: у снежні ён складаў 5 млн барэляў за дзень, паводле звестак Міжнароднага энэргетычнага агенцтва. Сумарныя страты ў экспарце, такім чынам, могуць скласці больш за 15%, ацэньвае Альфа-банк.

Пасля ўвядзення санкцый, якія сталі адным з наймацнейшых удараў па нафтавай галіне РФ з пачатку вайны, 65 танкераў з расейскай нафтай былі вымушаныя спыніцца ў моры, у тым ліку ля ўзбярэжжаў Кітая, Расеі і на Блізкім Усходзе, паведамляе Reuters са спасылкай на звесткі сачэння за судамі. Пяць з суднаў, якія трапілі пад абмежаванні, стаяць каля Сінгапура, яшчэ сем знаходзяцца на дрэйфе на падыходах да партоў КНР.

Індыя і Кітай, якія сталі галоўнымі пакупнікамі расейскіх барэляў пасля еўрапейскага эмбарга, ужо шукаюць альтэрнатыву нафты з РФ на Блізкім Усходзе, у Афрыцы і Лацінскай Амерыцы, распавялі Reuters трэйдары, якія працуюць у Азіі. Паводле іх слоў, НПЗ дзвюх краін, якія ў суме закупляюць больш як 80 адсоткаў усяго нафтавага экспарту з Расеі, ужо набылі партыі ў ААЭ, Анголе, Амане і Бразіліі, а таксама вядуць перамовы з канадскімі пастаўшчыкамі.

Індыя чакае, што Расея павялічыць зніжкі на сваю нафту, каб укласціся ў коштавую столь краін G7 - $60 за барэль, паведаміў Reuters высокапастаўлены чыноўнік у Нью-Дэлі. Паводле ягоных слоў, індыйскія парты прадоўжаць прымаць расейскія грузы, заказаныя да 10 студзеня - даты ўвядзення санкцый, аднак далейшыя пастаўкі пакуль пад пытаннем.

Са звестак Bloomberg, урад Індыі ў панядзелак правядзе экстраныя нарады, каб ацаніць наступствы санкцый, якія, са слоў чыноўнікаў, могуць прывесці да перабояў з пастаўкамі нафты на тэрмін да 6 месяцаў і закрануць траціну індыйскага нафтавага імпарту.

Пад «развітальныя» санкцыі адміністрацыі Джо Байдэна, апроч «Сургунафтагаза» і “Газпрам нафты”, патрапілі таксама 30 нафтасэрвісных кампаній, якія абслугоўвалі свідравіны на тэрыторыі Расеі, два буйныя НПЗ — Маскоўскі і Омскі, Сургутнефтегазбанк, два ЗПГ-заводы “Газпрам ЗПГ Партавая" і "Крыягаз-Высоцк"), а таксама ключавая "дачка" "Раснафты" "РН-Ванкор", якая з'яўляецца аператарам найбуйнейшага праекта кампаніі "Усход Ойл".

Акрамя таго, у "чорныя спісы" персанальных санкцый, з блакавання ўсіх актываў і забаронай на выдачу віз, былі ўключаны топ-мэнэджары расейскай нафтавай галіны: Вадзім Вараб'ёў ("Лукойл"), Аляксандр Дзюкаў ("Газпрам нафта"), Наіль Маганаў ("Татнафта"), Сяргей Кудрашоў ("Замежнафта") і Уладзімір Чарноў ("Башнафта").

Хутчэй за ўсё, расейскім нафтавым кампаніям давядзецца павялічыць зніжкі на свае барэлі, каб працягваць прадаваць нафту, пішуць аналітыкі ПСБ. Акрамя таго, можа "падвысіцца кошт фрахту, а таксама могуць ускладніцца разлікі, што агулам прывядзе да зніжэння расейскага экспарту", дадаюць у банку.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках