Кансультант Пентагона: Танк «Армата» стаў правалам Расеі
7- 17.01.2025, 11:03
- 9,696
Амерыканцы рабілі падобнае больш за 50 гадоў таму.
Найноўшы расейскі танк Т-14 «Армата», які Крэмль называў «найлепшым танкам у свеце», не змог апраўдаць ускладзеных на яго надзей, піша былы кансультант Пентагона, вайсковы эксперт Рубэн Джонсан у аналізе для 19FortyFive.
Асноўныя праблемы Т-14 «Армата»
Расхвалены расейскі танк стаў правалам па шэрагу прычын, сярод іх, напрыклад, фінансавыя цяжкасці і карупцыя. Празмерныя выдаткі на распрацоўку, карупцыйныя схемы і нерэалістычнае планаванне сур'ёзна ўскладнілі праект.
Замест заяўленых 2300 адзінак, якія павінны былі быць вырабленыя да 2020 года, выйшла толькі абмежаваная партыя. Праз эканамічныя абмежаванні Расея пастанавіла засяродзіцца на мадэрнізаваных версіях старых танкаў, такіх як Т-72 і Т-90.
Заходнія эксперты адзначаюць, што хоць «Армата» мае перадавыя тэхналогіі, яны не з'яўляюцца наватарскімі ў параўнанні з заходнімі танкамі накшталт M1 Abrams, распрацаванымі дзесяцігоддзямі раней.
Нерэалізаваныя амбіцыі «Арматы»
У 2015 годзе, калі быў анансаваны праект Т-14, Расея заявіла, што танк стане асноўным элементам мадэрнізацыі войска. Аднак праблемы з фінансаваннем сталі відавочнымі адразу. Як заявіў тагачасны намеснік міністра абароны Юрый Барысаў:
«Грошай, выдзеленых на гэты праект, выяўляецца занадта мала».
Планавалася, што Т-14 стане сімвалам новай эры расейскіх узброеных сіл, аднак яго высокі кошт (больш за 250% ад першапачатковых прагнозаў) і залежнасць ад заходніх тэхналогій паставілі пад пагрозу рэалізацыю гэтай задумы.
Замест масавай вытворчасці Т-14, расейскія вайскоўцы пастанавілі мадэрнізаваць існыя мадэлі. Як зазначыў Барысаў: «Т-72 карыстаюцца вялікім попытам на рынку. Яны эфектыўныя, якасныя і значна таннейшыя за «Арматы».
Ацэнка заходніх экспертаў
Танк Т-14 атрымаў шэраг перадавых характарыстык, такіх як:
пластавая керамічная браня;
адасобленае аддзяленне экіпажа для большай бяспекі.
Аднак, як адзначыў адзін з амерыканскіх афіцэраў:
Гэта тыя ж самыя аспекты, якія мы распрацавалі ў 1970-х гадах пры стварэнні M1 Abrams... Гэта тое, што мы зрабілі прыярытэтным, бо гэта паказала шараговаму танкісту, што мы занепакоеныя жывучасцю экіпажа. Цікава тое, што расейцы прыдумалі, як гэта зрабіць, але яны дзесяцігоддзямі адсталі ад таго, што мы рабілі з 1970-х гадоў».
Вялікія пытанні выклікаюць аб'ёмы вытворчасці, надзейнасць сістэм і агульная здольнасць расейскага войска падтрымліваць гэтыя машыны ў баяздольным стане.