Каля беларуска-літоўскай мяжы з'явіліся акопы
36- 17.01.2025, 18:46
- 26,066
Апублікаваны спадарожнікавыя здымкі.
Каля беларуска-літоўскай мяжы з'явіліся акопы. Іх выкапалі і абсталявалі на ўскраіне Гожскага вайскована палігона. Там жа ёсць і траншэі для тэхнікі. Як паведамляе "Радыё Свабода", гэтыя фартыфікацыі могуць быць часткай так званага "вузла супраціву", пабудову якога анансавалі больш за год таму. Да мяжы з Літвой адтуль блізу шасці кіламетраў, побач - памежны пераход «Прывалка - Райгардас».
Будуць будавацца новыя ўмацаваныя раёны "па перыметры нашай мяжы", заявіў восенню 2023-га Аляксандр Лукашэнка. Ён тады знаёміўся з "варыянтам інжынернага абсталявання вузла супраціву Кобрынскага ўмацаванага раёна і яго магчымасцямі" (раней «вузел супраціву» будавалі на Гомельшчыне). Задача аб'ектаў - прыкрыццё найбольш важных у аператыўна-тактычных адносінах раёнаў. Са слоў Лукашэнкі, усё стваралася "з улікам баявых дзеянняў ва Украіне".
Фартыфікацыі каля мяжы з Літвой добра бачныя на спадарожнікавым здымку, зробленым кампаніяй Planet Labs 14 снежня 2024-га. На ўсходнім баку дарогі, якая вядзе на памежны пункт, у канцы лістапада вайскоўцы выкапалі велізарную траншэю. Яе даўжыня складае 340 метраў, шырыня - ад 5 да 7 метраў (процітанкавы роў?). Па гэтай траншэі можа свабодна праехаць танк.
На захад ад дарогі на памежны пункт выкапаны акопы для пяхоты (экспэрты слушна заўважаюць, што іх могуць выкарыстоўваць для трэніровак). Іх даўжыня складае амаль 200 метраў. Там жа ў некаторых месцах бачныя адзінкавыя ўмацаванні.
Выданне адзначае, што гэтая тэрыторыя мае прыродаахоўны статус і належыць рэспубліканскаму ландшафтнаму заказніку "Гарадзенская пушча". Земляныя працы там пачаліся пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне.