20 студзеня 2025, панядзелак, 0:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусь па-ранейшаму ў ліку краін, дзе найбольш актыўна пераследуюць журналістаў

Беларусь па-ранейшаму ў ліку краін, дзе найбольш актыўна пераследуюць журналістаў

Сітуацыя горшая, чым у Іране.

На 1 снежня 2024 года Беларусь займала чацвёрты радок у рэйтынгу краін, дзе найбольш пераследуюць журналістаў, вынікае з гадавога агляду Камітэта абароны журналістаў (CPJ), абнародаванага 16 студзеня. На дакумент звярнуў увагу «Позірк».

Згодна з дакументам, другі год запар Беларусь у гэтым рэйтынгу ўзначальвае групу дзяржаў у рэгіёне Еўропы і Цэнтральнай Азіі.

Са звестак CPJ, на ўказаную дату ў месцах пазбаўлення волі ў Беларусі знаходзіўся 31 журналіст. Горш ідуць справы толькі ў Кітаі (50), Ізраілі і акупаваных палестынскіх тэрыторыях (43, усе - палестынскія) і М'янме (35). Пасля Беларусі ў рэйтынгу ідуць Расея (30), Егіпет (17), В'етнам, Іран і Эрытрэя (па 16), Азербайджан (13).

Агульная колькасць журналістаў у няволі ва ўсім свеце, зазначае CPJ, на 1 снежня 2024 года — 361. Такім чынам, на згаданыя краіны прыпадала 78,4% усіх журналістаў у няволі (283).

Паводле інфармацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў, на 17 студзеня 2025 года ў месцах пазбаўлення волі ў Беларусі знаходзяцца 42 супрацоўнікі медыя.

Нягледзячы на некалькі хваль памілаванняў, якія закранулі ў тым ліку трох прадстаўнікоў прэсы, адзначаецца ў дакладзе CPJ, «беларускіх журналістаў увесь час пераследуюць, затрымліваюць і прысуджаюць да гадоў зняволення, часцей за ўсё з-за іх працы ў СМІ, якія ўлады залічваюць да «экстрэмісцкіх».

Канстатуецца, што «беларускі ўрад працягвае помсціць журналістам, якія асвятлялі пратэсты з патрабаваннем адстаўкі Лукашэнкі пасля яго спрэчных выбараў 2020 года».

«Пяць журналістаў, затрыманых у сувязі з гэтымі дэманстрацыямі, адбываюць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад 10 гадоў і больш, - гаворыцца ў дакуменце. - Сярод тых, хто быў затрыманы ў 2024 годзе, - былы відэарэпарцёр Яўген Мікалаевіч, які пакінуў Беларусь і спыніў займацца журналістыкай у 2020 годзе».

Адзначаецца, што "Мікалаевіч быў арыштаваны пасля вяртання ў краіну ў 2024 годзе і адбывае 18-месячны тэрмін за «арганізацыю або ўдзел у грубых парушэннях грамадскага парадку».

«Беларусь таксама працягвае пераследаваць журналістаў за межамі краіны, распачынаючы крымінальныя справы супраць журналістаў, якія знаходзяцца ў выгнанні, і праводзячы ператрусы ў беларускіх дамах тых з іх, хто пакінуў краіну», - заяўляе CPJ.

Паведамляецца таксама, што «беларускі рэжысёр і журналіст Андрэй Гнёт правёў год у зняволенні ў Сербіі, пакуль беларускія ўлады спрабавалі экстрадаваць яго паводле падатковай справы».

З Беларусі і Расеі «ўцяклі сотні журналістаў», зазначаецца ў дакуменце, таму ўлады гэтых краін «значна павялічылі колькасць абвінавачанняў, ордэраў на арышт і завочных прысудаў журналістам, што робіць іх уразлівымі для затрымання паводле фіктыўных або сфабрыкаваных абвінавачанняў нават у выгнанні».

У сувязі з гэтым аўтары дакладу мяркуюць, што «краіны, якія далі бяспечны прытулак беларускім і расейскім журналістам, такія як Нямеччына, Швэцыя, ЗША і Вялікабрытанія, павінны абараніць іх ад пераследу, сачэння і іншай шкоды, якая можа ўзнікнуць у выніку адвольных прававых дзеянняў» Беларусі і РФ.

Сярод іншага ў дакуменце звяртаецца ўвага на пераслед адвакатаў, якія займаюцца абаронай журналістаў у такіх краінах, як Іран, Кітай, Беларусь, Турцыя і Егіпет.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках