Генерал ЗША ў адстаўцы Ходжэс: Трамп будзе дэманстраваць сілу з Пуціным
14- 17.01.2025, 20:37
- 4,096
Новы прэзідэнт ЗША не захоча стаць тым, хто страціў Украіну.
Генерал ЗША ў адстаўцы Бэн Ходжэс мяркуе, што абраны прэзідэнт ЗША Дональд Трамп будзе дэманстраваць сілу ў адносінах з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным. «У некаторым сэнсе я настроены аптымістычна і спадзяюся, што прэзідэнт Трамп не захоча выглядаць слабым. Ён не захоча стаць тым, хто страціў Украіну», – заявіў былы камандзір сілаў ЗША ў Еўропе ў інтэрв'ю выданню Der Spiegel, вытрымкі з якога былі апублікаваныя ў пятніцу, 17 студзеня.
Адказваючы на пытанне пра магчымасць перамоваў аб урэгуляванні вайны ва Украіне, Ходжэс сказаў, што не стаў бы ўспрымаць усе заявы Трампа падчас перадвыбарнай кампаніі літаральна. У ходзе перадвыбарнай гонкі рэспубліканец неаднаразова заяўляў, што зможа закончыць вайну ва Украіне за 24 гадзіны.
Ягоны падыход, мяркуючы з усяго, заключаўся ў тым, каб зрабіць магутны ціск на Расею і Украіну з мэтай прымусіць іх да перамоваў і хуткага заключэння міру. Гэта выклікала асцярогу, што Трамп можа скараціць падтрымку Украіны. Аднак пасля перамогі на выбарах рэспубліканец пачаў выказвацца больш стрымана, заявіўшы, сярод іншага, што ён спадзяецца знайсці ідэю для заканчэння вайны цягам паўгода.
У інтэрв'ю Der Spiegel Бэн Ходжэс таксама адзначыў, што ў апошнія месяцы Трамп шмат гаварыў пра перамовы, а прызначаны ім спецпрадстаўнік датычна Украіны – генерал у адстаўцы Кіт Келаг, паставіў мэту закончыць вайну за 100 дзён. Пры гэтым Келаг падкрэсліў, што Расеі нельга давяраць. «Гэта добры старт для любых перамоваў з расейцамі», – мяркуе Ходжэс.
Уварванне ўзброеных сілаў Украіны (УСУ) у Курскую вобласць Расеі Ходжэс назваў «геніяльным ходам украінскага Генштаба». Паводле ягоных словаў, гэтая наступальная аперацыя змяніла «шырока распаўсюджаны наратыў, што Расея нібыта непераможная, а ва Украіны няма шанцаў на перамогу». Калі ўкраінцы ў жніўні перасеклі гэтую мяжу, яны прадэманстравалі ўразлівасць Расеі, растлумачыў амерыканскі генерал.