Наталля Радзіна: Маша Зайцава - не ахвяра, а воін
24- 18.01.2025, 15:24
- 19,956
Аб чым гаворыць нам жыццё гераічнай беларускі.
Ва Украіне загінула добраахвотніцаз Беларусі Марыя Зайцава. Галоўная рэдактарка сайта Charter97.org Наталля Радзіна адрэагавала на гэтую навіну ў «Фэйсбуку»:
- Беларуска Маша Зайцава - не ахвяра, а воін. Дзяўчынка, якая выйшла на пратэсты ў Менску ў 2020 годзе, і ў якую стралялі, ледзь не забіўшы, пайшла ваяваць ва Украіну, бо не захацела быць ахвярай.
Спачатку яна была парамедыкам. Але, як паведаміў былы камандзір украінскага Другога міжнароднага легіёну Руслан Мірашнічэнка, пазней вывучылася на снайпера. Учора яна па-геройску загінула пад Пакроўскам.
Ведаю шмат якіх беларускіх палітвязняў, якія пасля турмаў узялі ў рукі зброю і пайшлі на фронт. І галоўным у іх матывацыі было менавіта гэтае нежаданне быць ахвярай.
Гэта не заклік усім ісці на вайну. Але прыклад Машы Зайцавай кажа нам адно: хопіць шкадаваць сябе і пасыпаць галаву попелам. Бо гэта і трэба падонкам, якія сёння катуюць людзей у Беларусі, паверыўшы ў сваю беспакаранасць.
Так, цяжка, перажыўшы столькі траўмаў і няшчасця, зноў стаць на ногі і дзейнічаць. Але Маша Зайцава, якой днямі споўнілася ўсяго 24 гады, змагла. І гэта, мне здаецца, галоўнае, што яна нам сказала сваім гераічным жыццём.