Баец ГУВ расказаў аб сустрэчы з акторам-пуціністам Стывенам Сігалам у Аленаўцы
20- 19.01.2025, 15:34
- 28,328
Пасля гэтага ён на два тыдні патрапіў у дысцыплінарны ізалятар.
Вайсковец Міжнароднага легіёна Галоўнай управы выведкі Мінабароны Украіны Андрэй «Трыця» распавёў «Супільнаму» аб сустрэчы з амерыканскім акторам-пуціністам Стывенам Сігалам пасля тэракту ў Аленаўцы.
Са слоў вайскоўца, пасля размовы з Сігалам ён на два тыдні трапіў у дысцыплінарны ізалятар.
Вайсковец правёў у расейскай няволі амаль 2,5 гады. З яго слоў, пасля цынічнага тэракту ў Аленаўцы да палонных прыехала нібыта міжнародная дэлегацыя, у складзе якой быў Стывен Сігал.
Паводле слоў украінскага абаронцы, Сігал прадставіўся валанцёрам і прадстаўніком міжнароднай супольнасці, якая будзе садзейнічаць больш хуткаму вяртанню байцоў ва Украіну. У той жа час рыторыка амерыканца была адчувальна прапагандысцкай.
«Я добра ведаю ангельскую мову, таму выйшаў з ёй пагутарыць сам-насам, без перакладчыка. Ён спытаў: ці хачу я вярнуцца дадому. І таксама спытаў, што я думаю пра ўкраінскі тэракт. Я сказаў, што мяркую, што гэта была не ўкраінская ракета, а загадзя закладзеная бомба», - распавёў «Трыця».
Вайсковец сказаў, што за гэта яго потым забралі ў дысцыплінарны ізалятар, як пакаранне. Там акупанты білі ўкраінскага абаронцу па тулаве і адбілі яму ногі.
«Трыця» вярнуўся з палону падчас абмену 18 кастрычніка 2024 года. Цяпер вайсковец праходзіць рэабілітацыю, а пасля плануе вярнуцца ў строй.