Прэзідэнт Паўднёвай Карэі афіцыйна арыштаваны
6- 19.01.2025, 11:35
- 4,504
Упершыню ў гісторыі.
У нядзелю, 19 студзеня, Заходні акруговы суд Сеула выдаў ордэр на арышт адхіленага ад улады прэзідэнта Юна Сок Ёля. Яго падазраюць у спробе арганізацыі ўзброенага перавароту і злоўжыванні ўладай, піша паўднёвакарэйскае агенцтва «Ронхап». Нагадаем, паўднёвакарэйскі прэзідэнт быў затрыманы 15 студзеня за злоўжыванне ўладай.
Спасылаючыся на рызыкі знішчэння довадаў, суддзя Заходняга акруговага суда Сеула выдаў ордэр на арышт Юна паводле абвінавачання ў арганізацыі мяцяжу і злоўжыванні ўладай, калі 3 снежня ён абвясціў ваеннае становішча і накіраваў войскі ў Нацыянальны сход, каб перашкодзіць заканадаўцам адхіліць указ.
Управа расследавання карупцыі сярод высокапастаўленых службовых асоб (CIO) плануе перадаць Юна пад варту пракуратуры праз 10 дзён. Затым чакаецца, што тая працягне расследаванне і выставіць яму абвінавачанне да заканчэння 20 дзён. У тэрмін увойдуць тыя дні, якія паўднёвакарэйскі палітык правёў ужо ў цэнтры ўтрымання.
Як адзначае агенцтва «Ронхап», гэта першы арышт дзейнага прэзідэнта ў сучаснай гісторыі Паўднёвай Карэі.
Юн Сок Ёль увёў у Паўднёвай Карэі ваеннае становішча 3 снежня. Яно дзейнічала ў краіне некалькі гадзін - яго аператыўна заблакаваў парламент. 8 снежня міністра абароны Кім Ён Хёна арыштавалі.
Юн адхілены ад выканання прэзідэнцкіх абавязкаў з 14 снежня, калі парламент прагаласаваў за яго імпічмент. Але для таго, каб зрынуць яго з пасады, імпічмент павінен ухваліць Канстытуцыйны суд Паўднёвай Карэі. Да заканчэння разгляду справы палітык знаходзіцца пад абаронай службы аховы прэзідэнта.