Некранутая раскоша 2000-х: у Менску прадаюць унікальную кватэру
20- 19.01.2025, 16:47
- 11,676
Яна каштуе мільён даляраў.
У элітным доме 2000 года на вуліцы Пуліхава на продаж выставілі цікавую кватэру. Па-першае, у ёй ёсць уласны комін. Па-другое, у ёй захаваўся некрануты багаты інтэр'ер 2000-х. Па-трэцяе, яна каштуе мільён даляраў, піша realt.by.
Дом на Пуліхава, 43 пабудавалі ў 2000 годзе. Ён знаходзіцца ў ціхім цэнтры насупраць Свіслачы.
І на той момант гэта была элітная забудова: закрытая тэрыторыя, падземны паркінг, зялёны раён, дзе раней сялілася партыйная наменклатура.
Насельнікі гэтых кватэраў таксама няпростыя. Але кватэры на другасным рынку тут з'яўляюцца рэдка.
А зараз на Realt тут прадаюць кватэру на апошнім, пятым паверсе. Плошча — 194 квадратныя метры. У яе вось такая планіроўка:
З уваходу трапляем у пярэдні пакой. Тут - шафа-купэ, дрэва, калоны.
Але цэнтральнае месца ў кватэры займае вялікая гасцёўня на 58 квадратных метраў. Такім пляцам не кожная кватэра валодае.
У гэтым пакоі бачым дарагую драўляную мэблю, плюс - сапраўдны дзейны комін.
Да гасцёўні прымыкаюць сталовая і кухня. Там таксама ўсё выглядае аўтэнтычна.
У кватэры таксама чатыры асобныя пакоі. Інтэр'ер у іх ужо прасцейшы.
А яшчэ тут два санвузлы. У адным з іх - джакузі.
У кватэры таксама дзве лоджыі. З вокнаў адкрываецца панарамны выгляд у тым ліку на раку і гатэль «Пекін».
Цікава, вядома, тое, што ў кватэры захаваўся дарагі, якасны, але некрануты інтэр'ер з 2000-х. Гэта бачна нават па бытавой тэхніцы. Напрыклад, па няплоскіх тэлевізарах, музычным цэнтры, пральнай машыне з механічнымі рэгуляваннямі.
А просяць за гэтую кватэру мільён даляраў. Метр выходзіць па 5429 даляраў.