Байцы УСУ захапілі схованку з паўночнакарэйскімі дакументамі
1- 19.01.2025, 19:16
- 10,834
Жаўнеры войска КНДР падрабязна запісваюць свой баявы досвед.
Зброя і цыдулкі, знойдзеныя ў загінулых салдат войска КНДР у Курскай вобласці РФ, дэманструюць іх лад мыслення і тое, як хутка яны адаптуюцца да вядзення вайны ў сучасных умовах, а ў дакументах, знойдзеных у схованцы, апісваецца ход баёў.
Пра гэта ў нядзелю, 19 студзеня, піша The Washington Post, прысвяціўшы сваю публікацыю прадметам, якія паўночнакарэйцы ўзялі з сабой, ідучы ў бой супраць украінскіх байцоў у Курскай вобласці РФ.
Журналісты таксама атрымалі доступ да паўночнакарэйскіх дакументаў са схованкі, якую байцы УСУ захапілі на Куршчыне.
Паперы былі перакладзеныя амерыканскім філантропам Амедам Ханам і яны сведчаць аб тым, што жаўнеры войска КНДР падрабязна запісваюць свой баявы досвед і, магчыма, выкарыстоўваюць яго для найлепшага разумення новых тэхналогій.
«Украіна папярэдзіла, што Пхеньян выкарыстоўвае гэтую магчымасць як шанец атрымаць практычны баявы досвед для магчымых будучых канфліктаў з Захадам», - піша WP.
Украінскія вайскоўцы паказваюць, што паўночнакарэйцы вучацца на сваіх памылках і «спрабуюць стаць разумнейшымі».
У дакументах, знойдзеных у схованцы, «таксама крытычна апісваюцца паводзіны некаторых паўночнакарэйскіх салдат, гаворыцца, што яны забілі некалькі ўкраінскіх жаўнераў, якія паспрабавалі здацца, - такая тактыка, відавочна, раззлавала ўкраінцаў і ў выніку «зацягнула бой».
Акрамя таго, у адным з дакументаў гаворыцца, што салдаты войска КНДР сутыкнуліся з цяжкасцямі праз тое, што ім не далі звесткі пра апорныя пунктысупраціўніка, месцы запуску БПЛА або артылерыйскіх пазіцый і «таму яны выйшлі на поле бою непадрыхтаванымі».
Расказваючы пра прадметы, якія былі знойдзеныя непасрэдна ў загінулых вайскоўцаў Паўночнай Карэі, адпраўленых у Расею на вайну супраць Украіны, журналісты адзначаюць, што ў аднаго з іх выявілі кавалак паперы з фразамі «Супраціў бескарысны», «Здавайцеся», «Вы ўсе акружаныя», надрукаванымі на карэйскай мове з грубай расейскай транслітарацыяй.
Украіна, усё больш імкнецца сабраць довады росту ролі Паўночнай Карэі ў вайне і знойдзеныя прадметы маюць асаблівую каштоўнасць, піша WP.
Украінскія ваяры паказалі WP спіс з 23 карэйскіх і расейскіх фраз, рукапісныя навагоднія лісты, якія прыпісваюцца дыктатару КНДР Кім Чэн Ыну, а таксама бронекамізэлькі, рыштунак, аптэчкі, вайсковыя пасведчанні, рыдлёўку, нож украінскай вытворчасці і два сучасныя расейскія аўтаматы. Усе гэтыя рэчы былі знойдзеныя на працягу апошніх тыдняў у загінулых паўночнакарэйскіх салдат. Са слоў украінскіх байцоў, расейскія вайскоўцы былі горш абсталяваныя, чым салдаты войска КНДР і, магчыма, РФ хацела «пакрасавацца», рыхтуючы сваіх саюзнікаў да баёў.
У распараджэнні журналістаў апынуліся дзве рукапісныя старонкі з пасланнямі паўночнакарэйскага дыктатара, якія былі датаваныя 31 снежня і 1 студзеня. У лістах былі навагоднія зычэнні і падзяка вайскоўцам за тое, што яны змагаюцца за сваю радзіму. Пры гэтым, падкрэсліваецца ў публікацыі, паходжанне гэтых лістоў застаецца нявысветленым. Магчыма, іх даслалі з Пхеньяна ці яны былі запісаныя паўночнакарэйскімі вайскоўцамі, якія слухалі пасланні Кіма з вуснаў сваіх камандзіраў, выказалі здагадку рэпарцёры.
Таксама ў аднаго з загінулых салдат войска КНДР знайшлі буклет з патрыятычнымі паўночнакарэйскімі песнямі. Знойдзеныя ў паўночнакарэйцаў пасланні даюць зразумець, што яны значна больш матываваныя, чым расейцы.
Акрамя таго, паўночнакарэйцы «прыстасоўваюцца» да варункаў бою, піша WP са спасылкай на ўкраінскіх байцоў.