19 студзеня 2025, Нядзеля, 21:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

СМІ: Каманда Байдэна спалохалася наступу УСУ на Херсон

10
СМІ: Каманда Байдэна спалохалася наступу УСУ на Херсон

У ЗША баяліся расейскага ядзернага ўдару.

Намеснік галоўнага рэдактара The Washington Post Боб Вудвард у сваёй кнізе Вайна (War), якая выйшла ў лістападзе 2024 года, расказаў, што каманда прэзідэнта ЗША Джо Байдэна разглядала наступ на Херсон пікам рызык ядзернага ўдару РФ і адчула палёгку, калі расейскае войска адступіла з горада, не будучы разгромленым.

Пра гэта гаворыцца ў артыкуле NV, прысвечаным гэтай кнізе.

Значная частка тых фрагментаў кнігі Вудварда, якія тычацца вайны РФ супраць Украіны, у дэталях апісвае развіццё падзей восенню 2022 года, калі ўкраінскае войска наступала на Херсон. Вудвард нагадвае, як падчас імклівага контрнаступу на Харкаўшчыне Сілы абароны Украіны «за пяць дзён адваявалі больш тэрыторыі, чым расейскія войскі ўзялі за ўсю сваю аперацыю».

«Цяпер, калі на Харкаўшчыне луналі сцягі Украіны, украінскія войскі разгарнуліся на поўдзень, каб вызваліць горад Херсон на заходнім беразе Дняпра», - тлумачыць падзеі Вудвард [наступ на Херсоншчыне прадаўжаўся з лета 2022 года - заўв. рэд.].

Аднак з гэтага моманту і аж да вызвалення Херсону 11 лістапада, як дае зразумець Вудвард, у адміністрацыі Байдэна нарасталі асцярогі наконт таго, што значны разгром расейскіх сіл у Херсоне можа справакаваць Крэмль на выкарыстанне тактычнай ядзернай зброі.

«Пуцін размясціў у Херсоне блізу 30 000 вайскоўцаў. Паводле ацэнак выведвальных службаў [ЗША], калі б расейскія войскі ў Херсоне былі аточаныя ўкраінскімі сіламі, імавернасць таго, што Пуцін аддасць загад аб выкарыстанні тактычнай ядзернай зброі, каб пазбегнуць такіх катастрафічных страт на полі бою, склала б 50%», - піша Вудвард. Ён таксама нагадвае, што «Херсон меў велізарнае стратэгічнае значэнне для Масквы» - ад доступу да Дняпра да кантролю расейскага «наземнага моста» на поўдні Украіны.

Кіраўнік ЦРУ Уільям Бэрнс выказваў такое меркаванне: калі Херсон упадзе, «можна выказаць здагадку, што расейскія ўзброеныя сілы могуць даць расколіну і што кантроль Пуціна над Крымам апынецца пад пагрозай». Тут Вудвард зноў нагадвае, што патэнцыйная катастрафічная параза на полі бою, маўляў, магла б даць Пуціну падставу перайсці да ядзернай зброі ў адпаведнасці з яе дактрынай. «Справа ў Крыме, - цытуе аўтар кнігі Бэрнса, - У шматлікіх сэнсах ён меў экзістэнцыйнае значэнне для Пуціна, таму што калі б ён страціў Крым, то самі падставы яго быцця як расейскага прэзідэнта ў яго ўласных вачах былі б пастаўленыя пад пытанне».

Таму на гэтым этапе, сцвярджае Вудвард, даклады выведкі, якія чытаў Саліван, сталі «самай трывожнай» ацэнкай намераў Пуціна з пачатку ўварвання ва Украіну ў лютым 2022 года. Аўтар кнігі дадае, што амерыканцы даведаліся, што Пуцін нібыта «аслабіў аператыўны кантроль», каб аддаць загад аб прымяненні ядзернай зброі было прасцей.

Вызначальным чыннікам, які канчаткова «супакоіў» Вашынгтон, стаў той факт, што Узброеным сілам Украіны не ўдалося дастаткова хутка прасоўвацца на Херсоншчыне, каб разграміць расейскія сілы.

Даслоўна гэты фрагмент у кнізе гучыць так, быццам адміністрацыя Байдэна ўздыхнула з палёгкай пасля таго, як акупацыйныя войскі РФ «бяспечна» [менавіта гэтае слова ўжывае Вудвард] адышлі з Херсона: «Іншым вызначальным чыннікам адмовы Пуціна ад выкарыстання ядзернай зброі было тое, што катастрафічнага злому расейскіх сіл не адбылося. Украіна прасоўвалася павольна, паступова, і расейскія войскі бяспечна адышлі праз Дняпро і з Херсон. Толькі тады выведвальная супольнасць ЗША перагледзела сваю адзнаку ядзернай пагрозы [у бок змяншэння рызык]».

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках