Салдаты КНДР раптоўна зніклі з поля бою
8- 19.01.2025, 18:38
- 26,052
Байцы УСУ расказалі, чаму гэта адбылося.
Пасля некалькіх тыдняў бесперапынных нападаў паўночнакарэйскія салдаты, якіх дыктатар КНДР Кім Чэн Ын адправіў у Расею для ўдзелу ў вайне супраць Украіны, практычна не з'яўляліся на полі бою.
Аб гэтым 19 студзеня піша The Washington Post, спасылаючыся на ўкраінскіх вайскоўцаў, якія ваююць у Курскай вобласці РФ.
Пры гэтым, указваюць суразмоўцы журналістаў, расейскія войскі працягваюць наступаць на ўкраінскія пазіцыі на Куршчыне.
"Раптоўнае знікненне" паўночнакарэйцаў з поля бою можа быць прыкметай таго, што яны перагрупоўваюцца і ацэньваюць будучыя дзеянні, адзначаецца ў артыкуле. Таксама гэта можа быць вынікам шматлікіх траўмаў і знясілення пасля нядаўніх баёў.
«Яны залізваюць раны», - цытуе WP украінскага салдата па імені Віталь, які ў снежні правёў восем гадзін у перастрэлцы з вайскоўцамі войска КНДР.
Са слоў украінскіх байцоў, калі паўночнакарэйцы толькі з'явіліся на полі бою ў Курскай вобласці, яны перасоўваліся вялікімі групамі і нават не спрабавалі схавацца ад украінскіх дронаў. У выніку шмат хто быў забіты ў першых жа штурмах.
Аднак тыя, хто ўдзельнічаў у наступных баях, паказалі сябе баяздольнымі, моцнымі і добрымі стралкамі, распавялі байцы УСУ журналістам. Паўночнакарэйцы вучацца на сваіх памылках і адаптуюцца да вайны ў сучасных умовах.