«Люты» і не толькі: дроны УСУ масава атакавалі авіязаводы ў Казані
7- 20.01.2025, 8:05
- 12,806
Прагрымела серыя выбухаў.
У ноч на 20 студзеня ўкраінскія беспілотнікі атакавалі авіяцыйныя прадпрыемствы Казані. Як мяркуецца, пад ударам апынуўся завод "КАПО-Кампазіт", які ўваходзіць у склад Аб'яднанай авіябудаўнічай карпарацыі, піша «Диалог».
Першыя выбухі прагучалі ў 4:35 раніцы паводле менскага часу ў авіябудаўнічым раёне горада. Праз гадзіну новыя "бавоўны" былі зафіксаваныя ў чатырох раёнах Казані: Кіраўскім, Маскоўскім, Авіябудаўнічым і Нова-Савінскім.
Паблік Exilenova+ правёў аналіз відэазапісаў з месца здарэння, каб усталяваць дакладнае месцазнаходжанне ўдараў. Паводле іх звестак, напад быў накіравана на завод "КАПО-Кампазіт", які займаецца вытворчасцю дэталяў і агрэгатаў для самалётаў, уключаючы апярэнне і механізацыю крыла.
Мясцовыя ўлады пацвердзілі, што Казань знаходзіцца пад атакай беспілотнікаў і заклікалі жыхароў заставацца ў дамах, пазбягаючы блізкасці вокнаў, пакуль сілы СПА нейтралізуюць пагрозы.
Расейскія крыніцы паведамляюць, што напад быў здзейснены дронамі тыпу "Люты". Адзін з такіх апаратаў быў зафіксаваны камерай мабільнага тэлефона ў Авіябудаўнічым раёне.
Расавіяцыя абвесціла аб закрыцці аэрапорта Казані для ўзлётаў і пасадак. Самалёт авіякампаніі Red Wings, які рухаўся рэйсам з Ташкента ў Казань, быў вымушаны кружыць за 80 кіламетраў ад аэрапорта праз уведзены план "Дыван", які прадугледжвае часовыя абмежаванні на палёты.
Паблік Supernova+ запэўнівае, што ўдары прыпалі па паліўных рэзервуарах гэтага завода, якія знаходзяцца ў раёне аэрапорта Барысаглебск.