20 студзеня 2025, панядзелак, 13:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Польшчы ўсчаўся гучны скандал праз беларускія трактары

22
У Польшчы ўсчаўся гучны скандал праз беларускія трактары

У фермераў могуць забраць сем тысяч адзінак тэхнікі.

У Польшчы Вармінска-Мазурская сельскагаспадарчая палата першай выступіла з заявай аб пераглядзе пытання канфіскацыі трактароў "Беларус" у фермераў.

Як паведаміў профільны рэсурс Farmer.pl, управа Вармінска-Мазурскай сельскагаспадарчай палаты звярнулася ў Нацыянальную раду сельскагаспадарчых палат з просьбай аб тэрміновым умяшанні ў пытанне скасавання пастаноў аб дэрэгістрацыі МТЗ. Дэрэгістрацыяй тэхнікі, якая ставілася фермерамі на ўлік пасля 1 студзеня 2016 года, зараз займаюцца суды амаль ва ўсіх ваяводствах Польшчы паводле прадпісання пракуратары.

Адбылося тое, што пракуратара амаль праз дзесяць гадоў выявіла, што ў беларускай тэхнікі не было і няма сертыфікатаў адпаведнасці экалагічным стандартам у выхлапах, якія ўступілі ў дзеянне з гэтай даты. І таму апрыёры тэхніка не магла быць пастаўленая на ўлік. Тым не менш, блізу 7 тысяч адзінак паспяхова прайшлі гэтую працэдуру, рэгіструючыся прадаўцамі як ужываныя трактары, тэхніка або імпартныя з краін, дзе яны, як у першай краіне-імпарцёры, павінны былі праходзіць праверку на адпаведнасць экалагічным патрабаванням - з Літвы, Вугоршчыны і Румыніі. Суды падтрымліваюць пракуратуру, што рэгістрацыя была незаконнай, і таму гэтыя трактары падлягаюць вываду з эксплуатацыі. З шэрагу заяў яны вынеслі такія пастановы, якія ўжо пацверджаныя і Вышэйшым адміністрацыйным судом у Варшаве.

Толькі ў Падляскім ваяводстве, як піша Farmer.pl, пракуратурай пададзена 815 скаргаў у судовыя органы. А агульная колькасць тэхнікі, якой могуць пазбавіцца фермеры, налічваецца блізу 7 тысяч трактароў.

«Чаму фермеры павінны адказваць за памылкі чыноўнікаў і прадаўцоў? Яны набылі абсталяванне добрасумленна, законна зарэгістраванае ў Польшчы, што было для іх эканамічна апраўданым выбарам. Шмат для каго гэта ключавая працоўная прылада — яе страта азначае параліч фермы. Не чыноўнікі і не імпарцёр, а фермеры цяпер вымушаныя здаваць на лом трактары, набытыя ў крэдыт, часта як асноўную тэхніку ў гаспадарцы», - гаворыцца ў звароце ўправы Вармінска-Мазурскай сельскагаспадарчай палаты.

У польскіх СМІ мяркуюць, улічваючы маштаб праблемы, што скандальная гісторыя можа быць скарыстаная кандыдатамі ў прэзідэнты ў сваіх у перадвыбарных кампаніях. Таксама некаторыя выданні патрабуюць расследаванні, хто дапусціў рэгістрацыю такой тэхнікі. І ці рабіў гэта ён наўмысна, зарабляючы пры гэтым. І пастаўшчыкі з якіх яшчэ краін скарысталіся гэтым пралазам.

З беларускага боку імпартам трактароў у Польшчу ў гэты час займаліся дзве даччыныя структуры Мінскага трактарнага завода - польская кампанія MTZ Belarus Traktor і вугорская Belarus Traktor KFT. Дзякуючы іх дзейнасці, Мінскі трактарны завод у канцы 2010-х - пачатку 2020-х увайшоў у топ-6 гульцоў на гэтым рынку. Пік продажаў MTZ Belarus Traktor, прыпаў на 2021 год, у якім было рэалізавана тэхнікі на суму 151 млн злотых. У 2022-м продажы скараціліся ўдвая, а ў 2023-м - былі блізкія да нуля. З 2023 года MTZ Belarus Traktor увогуле знаходзіцца ў ліквідацыі. Гэта звязана з уключэннем кампаніі ў польскі санкцыйны спіс, што прывяло да замарожвання актываў і адхілення ад усіх тэндараў у краіне.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках