Пуцін раптоўна адмовіўся ад даўняй традыцыі
14- 20.01.2025, 16:51
- 17,310
У РФ гадаюць, што адбылося.
Пуцін, які даўно стараўся будаваць вобраз «мужыка з народа» і перакананага праваслаўнага, здаецца, канчаткова адмовіўся ад публічных купанняў на Вадохрышча. Ні фота, ні відэа, ні нават заяў ад прэс-сакратара – сёлета традыцыя паказной набожнасці, здаецца, засталася ў мінулым, піша dialog.ua.
Калісьці 72-гадовы Пуцін выкарыстаў акунанні ў палонку на Вадохрышча як спосаб умацаваць імідж. Упершыню Крэмль паказаў фота «акунанняў» састарэлага дыктатара ў 2018 годзе, за два месяцы да прэзідэнцкіх выбараў. Гэта павінна было развеяць сумневы ў яго здароўі. Аднак з гадамі шоў з палонкамі, як і сам кіраўнік РФ, пачало згасаць.
У 2024 годзе, праз 6 гадоў пасля першага публічнага купання, ад звыклых заяў Крамля не засталося і следу. Прэс-сакратар Пяскоў, які ў папярэднія гады запэўніваў расейцаў, што Пуцін працягвае акунацца, на гэты раз прамаўчаў. Адзінае паведамленне Крамля аб Вадохрышчы зводзілася да таго, што Пуцін цёпла павіншаваў Лукашэнку са святам.
Ад брутальнага лідара да «бункернага» пенсіянера
У 2018 годзе Крэмль паказаў першыя фота Пуціна ў палонцы, заяўляючы, што гэта яго шматгадовая традыцыя. У 2019 годзе згадкі аб купаннях абмежаваліся толькі словамі. У 2020 годзе прэзідэнт не стаў акунацца нібыта праз цёплае надвор'е і адсутнасць лёду, што паднеслі як прыкмету яго «цудоўнага здароўя».
У 2021 годзе Крэмль зноў выклаў відэа купання, але ўжо ў 2022 годзе царква параіла адмовіцца ад традыцыі праз пандэмію. З 2023 года Пяскоў зноў сцвярджаў, што Пуцін акунаецца, але ніякіх пацвярджэнняў у выглядзе фота ці відэа не падавалася.
Пандэмія і вайна канчаткова «закрылі» Пуціна ў бункеры. Верхавод Крамля, які раней пазіцыянаваў сябе як блізкага да народа чалавека, зараз амаль цалкам ізаляваны ад рэальнасці. За вочы яго ўсё часцей называюць «бункерным дзедам», і адсутнасць традыцыйных шоў з палонкай толькі падмацоўвае гэтую мянушку.
Пуцін акружаны аховай і вялізнай медыцынскай світай. Як паведамляў «Проект», яго рэгулярна суправаджаюць дзевяць лекараў, а ўсяго за яго здароўем сочаць больш за 60 спецыялістаў. Адна з галоўных прычын адмовы ад публічных акунанняў - асцярогі за здароўе і немагчымасць забяспечыць ідэальную пастаноўку для такіх мерапрыемстваў.
Баязлівы дыктатар, які калісьці стараўся здавацца бліжэйшым да народа, канчаткова закрыўся ад рэальнасці. Нават сімвалічнае акунанне ў палонку, некалі паказную праяву сілы і веры, сышло ў мінулае. Узамен расейцам застаецца глядзець на бункернага Пуціна, які зрэдку перадае віншаванні сваім хаўруснікам.