У Менску прадаецца шыкоўная кватэра
5- 20.01.2025, 20:30
- 8,170
Людзей уразіў рамонт.
У продажы з'явілася кватэра з нестандартным рамонтам у цэнтры Менска.
Кватэра знаходзіцца ў доме 2004 года пабудовы па адрасе Сурганава, 27. Размешчаная яна на апошнім 9-м паверсе. Агульная плошча – 220 квадратаў, таму нават самыя маленькія пакоі маюць плошчу 28 метраў.
Усе памяшканні за выключэннем аднаго з санвузлоў нестандартнай формы. Пярэдні пакой увогуле круглы, піша «Наша Нiва».
У кватэры зроблены дызайнерскі рамонт у стылі італьянскай класікі (ва ўсякім разе, так гэта заве прадавец). Дзверы і паркет выкананыя з масіву каштоўных пародаў. На падлозе ляжыць плітка фірмы Versace, прываконні з мармуру.
У гасцёўні на 41 квадратны метр вісіць велізарны тэлевізар, насупраць якога, апроч канапы, стаіць масажнае крэсла.
Кватэра прадаецца разам з мэбляй і тэхнікай. Мэбля, як паказана ў апісанні, рабілася на замову ў Італіі.
У адрозненне ад большасці сучасных кватэраў, тут кухня і гасцёўня – гэта два асобныя памяшканні. Плошча кухні – 35 м².
На столі ў зоне сталоўні – аўтарскі вітраж з падсветкай.
У гаспадарскай спальні стаіць вялікі драўляны ложак, насупраць якога камін.
Ва ўсіх жылых памяшканнях маюцца кандыцыянеры, у кватэры ўсталяваная сістэма «разумны дом».
Акрамя спальні і гасцёўні ёсць дзіцячы пакой з круглым ложкам і кабінет, абсталяваны драўлянай мэбляй.
У кватэры два санвузлы на 3 і 12 квадратаў. У вялікім санвузле, апроч душавой кабіны, ёсць прасторнае джакузі.
Сярод іншых пераваг абяцаюць рэспектабельных суседзяў.
Просяць за гэтую кватэру 359 тысячаў даляраў, што складае блізу 1630 даляраў за квадрат. Гэта крыху больш, чым сярэдні кошт метра ў сталіцы (1564 даляры).
Відэа ў цікток з гэтай кватэрай завірусілася і набрала больш за 350 тысячаў праглядаў.
Незвычайны рамонт людзі адзначылі.
«Што за мафіёзі тут жыў?» – пытаюць.
«Дзесьці ў сцяне княжая сям'я замураваная», – жартуюць.
«А італьянцы ў курсе, што гэта іх класіка?» – перапытваюць у каментарах.