Кліматычныя актывісты паспрабавалі сарваць пачатак форуму ў Давосе
6- 20.01.2025, 20:29
- 1,522
Яны спрабавалі сарваць пасадку гелікаптэраў перад пачаткам штогадовага Сусветнага эканамічнага форуму.
Кліматычныя актывісты ў панядзелак, 20 студзеня, размалявалі фарбай базу Amazon у швэйцарскім горадзе Давос і спрабавалі сарваць пасадку гелікаптэраў перад пачаткам штогадовага Сусветнага эканамічнага форуму.
Пра гэта паведамляе агенцтва Reuters.
Дэманстранты, якія пратэстуюць супраць субсідый на выкапнёвае паліва, намалявалі аранжавыя сімвалы на фасадзе крамы, дзе Amazon уладкаваў часовую базу на галоўнай вуліцы Давоса, а таксама распырскалі зялёную фарбу на вітрынах.
Паралельна актывісты Greenpeace на кароткі час заблакавалі гелікаптэрную пляцоўку ў Давосе. Высокапастаўленыя палітыкі і бізнэс-лідары часта выкарыстоўваюць гелікаптэрную пляцоўку для прыбыцця на швэйцарскі альпійскі курорт.
У сваёй заяве Greenpeace сцвярджае, што звярнуўся да гэтай акцыі, каб заклікаць да «справядлівага падатку на самых багатых людзей, фінансавання абароны навакольнага асяроддзя і інвестыцый у справядлівую і ўстойлівую будучыню для чалавецтва».
«Цяпер мы заблакавалі 10–20 гелікаптэраў за паўтары гадзіны. Цягам дня мы чакаем, што сюды прыбудзе блізу сотні гелікаптэраў», – сказала актывістка Greenpeace Клара Томсан у інтэрв'ю Reuters.
Швэйцарская паліцыя была вымушаная спыніць абодва пратэсты, выцесніўшы блізу 10 пратэстоўцаў, якія заблакавалі два аўтамабілі на ўездзе на гелікаптэрную пляцоўку з ярка-жоўтымі плакатамі з надпісам «Абкладайце падаткамі звышбагатых».