У Вільні абмяркоўваюць шлях эвакуацыі на выпадак вайны
11- 21.01.2025, 11:14
- 4,872
Можа быць задзейнічаная рака.
Мэр Вільні Валдас Бенкунскас заявіў, што ў выпадку вайны ці стыхійнага бедства адным са шляхоў эвакуацыі з літоўскай сталіцы можа стаць рака Нярыс (Вілія).
Аб гэтым піша LRT.
Са слоў мэра Вільні, ён кансультаваўся з войскам і «спецыялістамі ў гэтым пытанні» па прыстасаванні ракі для эвакуацыі.
«Адным са шляхоў эвакуацыі мог бы быць Нярыс, калі б у нас была блакада наземнай транспартнай інфраструктуры і нейкія іншыя дыверсійныя элементы», – сказаў Бенкунскас.
Ён назваў перавагай ракі тое, што яе нельга «ні ўзарваць, ні заблакаваць».
«Мы вельмі сур'ёзна разглядаем, што гэта можа быць адным з нашых шляхоў эвакуацыі», - сказаў ён.
Адной з праблем з'яўляецца тое, што плывучы ўніз па рацэ ў бок Коўна, судну з большай асадкай было б цяжка прайсці шэсць выгібаў ракі.
З яго слоў, Адміністрацыя ўнутраных водных шляхоў павінна ацаніць, што патрэбна, каб зрабіць Нярыс праходным для «больш сур'ёзных суднаў».
«Гэтыя даследаванні, наколькі я разумею, былі зробленыя, яны былі прааналізаваныя, гэтыя работы былі ўключаныя ў каштарыс, і грошы сапраўды невялікія ў кантэксце цэлых абаронных праектаў, да 10 мільёнаў еўраў», – сказаў мэр.
«Рэкрэацыя, турызм і ўсе іншыя рэчы таксама важныя, але ў ваенным кантэксце, з пункту гледжання вайсковай мабільнасці, мы маем зусім іншы фон, таму гэтыя работы павінны быць зробленыя як мага хутчэй», - сказаў ён.