Сі адмовіўся ад сустрэчы з Лукашэнкам?
15- 21.01.2025, 11:32
- 21,606
Дзве версіі.
На днях беларускі дыктатар атрымаў лупцоўку ад «сацыяльна блізкіх» уладаў КНДР. Лукашэнка сцвярджаў, што кіраўніцтва Паўночнай Карэі прапанавала яму сустрэчу з Кім Чэн Ынам. Але Пхеньян хутка зняпраўдзіў гэта, піша «Салiдарнасць».
Сястра дыктатара Кім Е Чжон, якая займае пасаду намесніка кіраўніка ЦК Працоўнай партыі, заявіла, што такой прапановы не было, хаця «беларускі бок яшчэ не менш як два гады таму настойліва спадзяваўся на кантакт з КНДР на вышэйшым узроўні».
Плюс да ўсяго яна фактычна адлупцавала Менск:
«Калі вы маеце спадзеў на развіццё супрацоўніцтва з намі, важна дакладна пазначыць свае намеры. Я мяркую, што праўдзівасць і сумленнасць павінны быць асновай у двухбаковых стасунках паміж краінамі».
Крыўдна, мусіць, калі нават галоўны сусветны выгнанец ігнаруе цябе ўжо больш за два гады. А маглі б разам «змагацца з імперыялізмам».
Мала таго, здарылася яшчэ адна непрыемнасць. 3 студзеня Лукашэнка заявіў, што да выбараў збіраецца наведаць КНР:
«Такія візіты, ад якіх нельга адмовіцца. Бо гэта будучыня нашай дзяржавы. Што такое сустрэча з Сі Цзіньпінам і візіт у Кітай? Гэта будучыня нашай краіны. Супрацоўніцтва з Кітаем - гэта вялікая справа».
Лукашэнка анансаваў будучую паездку падрабязна і з задавальненнем:
«Дні тры пойдзе на гэта. Там мне трэба яшчэ паглядзець музей кітайскі - бо пачалі будаваць свой музей гісторыі Беларусі».
Можна нават вылічыць даты, калі Лукашэнка збіраўся ў КНР, бо было сказана:
«Гэта, лічыце, вернешся назад, а там адзін тыдзень застаецца да галасавання».
Гэта значыць, паездка павінна была адбыцца паміж 15 і 20 студзеня.
Але па факце замест Пекіна Лукашэнка адправіўся ў менскі гарадскі тэхнапарк. Хоць казаў:
«Не праводзіць гэтыя мерапрыемствы запланаваныя, як дзейны прэзідэнт, у тым ліку візіт у Кітайскую Народную Рэспубліку, адзін са стратэгічных нашых партнёраў, немагчыма».
Гэта значыць, здарылася нешта экстраардынарнае, калі намечаны на сярэдзіну студзеня візіт у КНР быў скасаваны менш, чым за два тыдні да даты вылету. Найбольш імавернымі выглядаюць дзве версіі.
Магчыма, адправіцца ў трохдзённае падарожжа Аляксандру Лукашэнку перашкодзілі праблемы са здароўем. На мінулым тыдні было відавочна, што дыктатар знаходзіцца не ў найлепшай форме. Гэта значыць, правесці шараговыя нарады яго стан дазваляў, а вось шматгадзінны пералёт - ужо не.
Другі варыянт: кітайцы ў апошні момант пасунулі «стратэгічнага партнёра» на «потым». Але нічога надзвычайнага ў КНР, з паведамленняў медыяў, не адбывалася. Таму перакройваць графік Сі Цзіньпіну асаблівай патрэбы быццам не было.
У святле гісторыі з Кім Чэн Ынам нельга выключыць, што, гаворачы аб запрашэнні ў Пекін, Лукашэнка выдаў жаданае за сапраўднае. Але такі «жарт» у дачыненнях з Сі Цзіньпінам усё ж выглядае малаімаверным.
Магчыма, візіт не скасаваны, а перанесены. Але так ці інакш той факт, што анансаваная на сярэдзіну студзеня паездка не адбылася, сведчыць: 2025 год пачаўся не паводле плану Лукашэнкі.