Фінляндыя арыштавала судна, якое пашкодзіла кабелі ў Балтыйскім моры
8- 21.01.2025, 12:18
- 4,862
Расследаванне справы аб пашкоджанні кабеляў працягваецца.
Акруговы суд Хельсінкі, які дзейнічае ў якасці марскога суда, пастанавіў арыштаваць судна Eagle S, якое падазраюць у датычнасці да пашкоджання кабеляў сувязі на дне Балтыйскага мора. Пра гэта паведаміла ў панядзелак, 20 студзеня, фінскае анлайн-выданне Yle.
Удакладняецца, што судовая пастанова прынятая на хадайніцтва кампаній, якім належаць абарваныя кабелі: фінскіх Fingrid і Elisa, а таксама эстонскай Elering. Fingrid і Elering супольна валодаюць электрычным кабелем Estlink 2, а Elisa з'яўляецца адзіным уладальнікам двух тэлекамунікацыйных кабеляў, пракладзеных з Фінляндыі ў Эстонію, нагадвае Yle. Кампаніі ўскладаюць адказнасць за прычыненую шкоду на суднаходную кампанію Caravella з ААЭ, якой належыць танкер Eagle S.
Расследаванне справы аб пашкоджанні кабеляў працягваецца, агульная сума шкоды яшчэ не вызначаная канчаткова.
Хадайніцтва аб арышце танкера Eagle S падала і кампанія Cinia, піша Yle. Ёй належыць кабель C-Lion1, які злучае Нямеччыну і Фінляндыю па дне Балтыйскага мора. Ён быў пашкоджаны ў сярэдзіне лістапада 2024 года.