22 студзеня 2025, Серада, 3:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Брытанская выведка: Расею пазбавілі вайсковых баз у Міжземным моры

1
Брытанская выведка: Расею пазбавілі вайсковых баз у Міжземным моры

Пасля краху рэжыму Башара Асада.

Масква страціла доступ да сваёй вайскова-марской базы ў Тартусе пасля краху рэжыму Башара Асада. Крэмль не змог дапамагчы свайму хаўрусніку, бо засяроджаны на вайне супраць Украіны.

Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі ў X (Twitter).

Як зазначаецца ў справаздачы, нявызначанасць наконт будучай прысутнасці і магчымасцей Расеі ва Усходнім Міжземнамор'і застаецца высокай. Пасля краху рэжыму Асада, былога сірыйскага хаўрусніка Расеі, сталае аператыўнае злучэнне вайскова-марскога флоту РФ у Міжземным моры цяпер не мае доступу да сваёй вайскова-марской базы ў Тартусе для абслугоўвання і лагістычнай падтрымкі. Для злучэння ў рэгіёне няма супастаўнай альтэрнатыўнай базы.

«Будучыня расейскіх баз у Сірыі застаецца незразумелай, пакуль у краіне існуе палітычная нявызначанасць. Аднак Расея амаль напэўна імкнецца захаваць прысутнасць у Міжземнамор'і», - гаворыцца ў паведамленні.

Паводле звестак брытанскай выведкі, здольнасць лагістычна падтрымліваць як сваіх вайскоўцаў, так і сваіх прыватных вайсковых наймітаў у Афрыцы, а таксама абмежаванне рэпутацыйнай шкоды, прычыненай падзеннем рэжыму Асада, будуць прыярытэтамі для расейскага ўрада.

Пры гэтым намер Расеі перадыслакаваць якія-небудзь сілы або абсталяванне ў патэнцыйныя альтэрнатыўныя месцы ў Паўночнай Афрыцы застаецца незразумелым.

«Расейскае кіраўніцтва амаль напэўна ўважае ўкраінскі канфлікт за свой галоўны клопат. Прыярытэтнасць Расеі ва ўкраінскім канфлікце, імаверна, знізіла здольнасць Расеі ўтрымліваць рэжым Асада ва ўладзе», - адзначаюць у Мінабароны Брытаніі.

Нагадаем, расейскія караблі не могуць патрапіць у сірыйскі порт Тартус у Міжземным моры, бо не атрымалі дазволу ад мясцовых уладаў.

Судна Sparta, якое расейцы выкарыстоўваюць для перавозкі вайсковай тэхнікі, не можа зайсці ў порт. Такім чынам эвакуацыя расейскага ўзбраення і тэхнікі з Сірыі пад пытаннем.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках