«Кастыльныя» батальёны РФ: акупанты сталі лёгкай мішэнню для ўкраінскіх беспілотнікаў
13- 22.01.2025, 8:52
- 10,538
Масква марнуе чалавечыя рэсурсы хутчэй, чым аднаўляе.
З'яўленне расейскіх штурмавых груп, якія складаюцца з салдат на мыліцах, сведчыць аб тым, што Масква марнуе чалавечыя рэсурсы хутчэй, чым аднаўляе.
Як піша ў сваёй калонцы для Forbes журналіст Дэвід Экс, камандаванне 20-й агульнавайсковай арміі УС РФ сфармавала і адправіла ў бой штурмавыя групы, якія складаюцца з пешых параненых. Нядаўна ў сеціве апублікавалі відэа з дрона, які зафіксаваў расейскіх штурмавікоў ля Пакроўска.
Большасць з іх ішлі атакаваць пазіцыі Узброеных сіл Украіны на мыліцах, таму аператары беспілотных лятальных апаратаў даволі хутка ліквідавалі іх. Акрамя таго, расейскі акупант зняў на тэлефон, як да такога штурму рыхтуюцца іншыя параненыя салдаты войска РФ:
«Тое, што спачатку магло здацца анамаліяй - мудрагелістай стратай жыццяў, магчыма, на загад аднаго жорсткага расейскага камандзіра - зараз выглядае больш сістэмным».
Аглядальнік адзначае, што распаўсюджванне «кастыльных батальёнаў», прынамсі, на адным з франтоў вайны сведчыць аб вялікай колькасці расейскіх войскаў на полі бою. Паводле яго звестак, гаворка ідзе пра амаль 600 тысяч салдат, аднак не ўсе яны сапраўды могуць ваяваць.
Экс падкрэсліў, што расейскія страты ў тэхніцы і пашырэнне ўкраінскага беспілотнага корпуса прымушаюць камандаванне РФ берагчы «нешматлікія ацалелыя сучасныя танкі і баявыя машыны», адпраўляючы ў атакі пяхоту. Акрамя таго, раскіданыя салдаты з'яўляюцца больш цяжкімі цэлямі для ўкраінскіх дронаў.
«Штодзённыя страты расейцаў значна ўзраслі, бо расейская дактрына стала аддаваць перавагу пяхоце, а не тэхніцы. Атакуючы пяхотай, а не транспартнымі сродкамі, Расея выкарыстоўвае сваю перавагу - вялікую колькасць жывой сілы - але рызыкуе страціць яе дзеля адносна сціплых тэрытарыяльных дасягненняў».