У Беларусь сцягваюць гастарбайтараў
- 22.01.2025, 14:27
- 11,070
Новая лукашэнкаўская палітыка.
Год таму мы пісалі, што ў Беларусі пачынаецца эпоха прыцягнення мігрантаў. Да гэтага мігранты разглядаліся толькі як праблема, а заканадаўства было накіраванае на «абарону» ад іх. Цяпер іх пачалі прыцягваць у краіну - спачатку намёкамі, а потым усё больш адкрыта. Ці зменіцца ў выніку асоба сярэдняга беларускага работніка? Аб гэтым піша выданне «Белорусы и рынок».
Нашумелы пералік прафесій, па якіх замежнікі могуць легалізавацца ў Беларусі паводле спрошчанай працэдуры, - гэта толькі верхавіна айсберга. Маштабныя заканадаўчыя змены - у першую чаргу, Закон «Аб замежнай працоўнай міграцыі», які пачаў дзейнічаць з сярэдзіны 2023 года, - спрасцілі ўезд і пражыванне ў Беларусі многіх груп іншаземцаў.
А Канцэпцыя міграцыйнай палітыкі на 2024-2028 гады стала ўключаць у сябе захады для стымулявання замежнікаў да пераезду ў Беларусь. Іншаземцы з пагрозы ператварыліся ў жаданы рэсурс.
«Такія ж людзі, як мы»
Трэба сказаць, што прымаліся такія наватарскія заканадаўчыя змены ціха, без абмеркавання праблемы ў дзяржаўнай прэсе, чыноўнікі каментавалі пытанне асцярожна. Падчас прадстаўлення праекта новага закона сенатарам у канцы 2022 года было заяўлена, што ён нібыта накіраваны на «абарону нацыянальнага рынку працы ад некантраляванай плыні замежнай працоўнай сілы».
Фаза адмаўлення і гандлю змянілася фазай прыняцця толькі зараз. Аляксандр Лукашэнка 16 студзеня ўпершыню загаварыў аб мігрантах як аб эканамічнай неабходнасці. Аднак у ягонай прамове заўважныя спробы пераканаць сябе і аўдыторыю ў нармальнасці такога падыходу, у тым, што мігранты – «таксама людзі».
Бо гаворка не ідзе аб культурна блізкіх выхадцах з суседніх краін - ім беларускі рынак працы малацікавы. Беларусам трэба на практыцы праяўляць сваю тэарэтычную талерантнасць да выхадцаў з мусульманскіх краін.
«Хочаш запрасіць таджыкаў, узбекаў, казахаў, сірыйцаў, афганцаў, розных людзей, запрашай, - заявіў Аляксандр Лукашэнка і дадаў: - Мы павінны да іх па-людску паставіцца. Яны такія ж людзі, як мы. І яны заўсёды добра працуюць, калі да іх па-чалавечы».
Колькі ўдалося прывабіць?
Плёнам новай палітыкі ў Беларусі стала не толькі нармалізацыя мігранцкай тэмы ў афіцыйнай рыторыцы. Першыя вынікі ў павелічэнні колькасці гастарбайтараў ужо атрыманыя. Паводле інфармацыі Дэпартамента грамадзянства і міграцыі МУС, у 2024 годзе ў Беларусь прыехала ўдвая больш замежных працаўнікоў, чым у папярэднім. У 2023 годзе, у сваю чаргу, быў прырост на 28%.
Аднак трэба адзначыць, што гэтыя поспехі адбываліся пасля правалу папярэдніх гадоў, калі колькасць замежнікаў у Беларусі хутка скарачалася.
Падзенне здарылася ў 2020-2022 гадах. У Беларусь за год прыязджала ўсяго 11 тысяч гастарбайтараў, тады як у 2019-м колькасць замежных работнікаў даходзіла да 20 тысяч. Прадстаўнікі МУС у выступленні на тэлевізіі паведамлялі, што за няпоўны 2024 год прыехала амаль 28,5 тысячы чалавек. Гэта значыць, удалося не проста вярнуць аб'ёмы да ранейшых узроўняў, але і перавысіць іх.
На кліч адгукнуліся туркмены
Традыцыйна на першым месцы сярод замежных работнікаў знаходзяцца расейцы, але іх дакладную колькасць складана палічыць, бо ў нас з Расеяй агульны рынак працы і працаўладкаванне свабоднае.
Сярод краін, выхадцы з якіх абавязаныя прайсці працэдуру легалізацыі, да поўнамаштабнай вайны пераважала Украіна. У 2023 годзе лідаравалі кітайцы - яны ў асноўным прыязджаюць у складзе буйных кампаній пад канкрэтныя інвестыцыйныя праекты, таму іх колькасць залежыць не ад міграцыйнай, а замежнагандлёвай палітыкі.
У 2024 годзе, дзякуючы лібералізацыі заканадаўства, на другое пасля расейцаў месца прабіліся грамадзяне Туркменістана. Яшчэ ў 2022 годзе на працу ўладкавалася ўсяго 800 выхадцаў з гэтай краіны, зараз - 12,5 тысячы.
Цікава, што большасць грамадзян Туркменістана сталі працаваць у сферы абслугоўвання, у тым ліку па некаторых кваліфікаваных спецыяльнасцях. Год таму сярод 46 лекараў, якія прыехалі паводле спрошчанай схемы, 26 менавіта выхадцы з Туркменістана.
Магчыма, эфектыўнасці беларускай палітыкі па прыцягненню сярэднеазіяцкіх работнікаў спрыялі антымігранцкія захады ў Расеі пасля тэракту ў «Крокус Сіці Холе».