Расейскі Сбербанк услед за «Газпрамам» пачаў масавыя звальненні
4- 22.01.2025, 12:14
- 5,962
У першую чаргу пастанавілі пазбавіцца ад праграмістаў.
Сбербанк пачаў маштабную кампанію па скарачэнні супрацоўнікаў у сваіх даччыных структурах: «Куперы», «МегаМаркеце», «Ашчадлагістыцы» і «Самакаце». Усе чатыры падраздзяленні ўваходзяць у Ecom.tech – каманду, якая распрацоўвае праграмы для e-commerce.
У першую чаргу банк пастагнавіў пазбавіцца ад праграмістаў і распрацоўнікаў, паведамляе CNews. Кіраўнік аднаго з аддзелаў у Ecom.tech паведаміў выданню, што ў «Куперы» ўжо звольнілі 20% ІТ-спецыялістаў (блізу 200 чалавек з 1000), растлумачыўшы гэта «эканоміяй бюджэту і ўказаннем зверху».
З яго слоў, супрацоўнікам прапануюць пайсці па пагадненню бакоў. «Літаральна казалі: пішы два спісы: першая хваля 45%, другая яшчэ 9%. І многія кіраўнікі пісалі», - дадаў ён.
Іншая крыніца ў Ecom.tech распавяла, што звальненні пачаліся яшчэ ў снежні, і ў адным толькі «Мегамаркеце» рыхтуюцца скараціць да 25% супрацоўнікаў. Пры гэтым афіцыйнай аб'явы ад Сбербанка няма. «На словах прыходзяць з прапановай сысці паводле дамовы бакоў, і далей ідуць таргі наконт колькасці акладаў», – паведаміў ён, удакладніўшы, што звычайна выплачваюць «па два-тры аклады» шараговым супрацоўнікам і «па пяць-шэсць» кіраўнікам. Крыніца таксама адзначыла, што ў «Куперы», дзе ўжо звольнілі кожнага пятага ІТ-спецыяліста, скарачэнні «будуць мінімальнымі», бо гэта «больш паспяховы прадукт».
Распрацоўнік «Сбертэха», які напісаў заяву, распавёў, што з імі правялі сустрэчу ў пачатку снежня і паведамілі, што «на загад зверху «аптымізуюць» кіраванне ў месцах, якія не прыносяць прыбытак». З яго слоў, пакуль банк плануе адмовіцца ад паслуг тых, хто працуе на аўтсорсінгу, а гэта траціна каманды.
«Аўтсорсінгавыя кампаніі даведаліся, што з імі не падоўжаць дамовы са снежня за пару тыдняў [да гэтага], але супрацоўнікаў у няведанні трымалі да апошняга - мабыць, думалі – усё ўладкуецца. У выніку яны даведаліся нарэшце, што ў іх больш праекту няма», - канстатаваў ён.
З яго слоў, зараз каманды распрацоўнікаў зліваюць разам і пераводзяць праграмістаў на свабодныя пасады, аднак на ўсіх месцаў не выстарчыць. Паводле звестак тэлеграм-канала «Прафзвяз работнікаў IT», у зваротную сувязь якога сталі прыходзіць скаргі ад супрацоўнікаў «дочак» Сбербанка, кампаніі чакаюць скарачэння ад 30% да 50% штата.
Эксперты мяркуюць, што расейскія ІТ-спецыялітсты сутыкаюцца з наступствамі эканамічнай нестабільнасці, выкліканай вайной з Украінай. Кампаніі масава звальняюць такіх спецыялістаў праз разрывы гандлёвых сувязяў, рост кошту імпартных тэхналогій і рэкордную ключавую стаўку Цэнтрабанка (21%), якія ўскладнілі планаванне і рэалізацыю доўгатэрміновых ІТ-праектаў. «Асноўнай прычынай звальненняў з'яўляюцца неакупныя выдаткі на пераацэненых ІТ-спецыялістаў, выкліканыя падзеннем бізнэсу», – растлумачыла Марыя Рукавішнікава, тэхналагічная прадпрымальніца, заснавальніца і CEO кампаніі Getmobit.
Раней стала вядома, што маштабныя звальненні рыхтуе «Газпрам», які страціў еўрапейскі рынак і атрымаў сотні мільярдаў рублёў страт праз вайну і санкцыі. Дарэчы, кампанія плануе скараціць 1600 працаўнікоў галаўнога офіса. Намесніца старшыні праўлення Алена Ілюхіна растлумачыла неабходнасць такога кроку «выклікамі», якія стаяць перад «Газпрамам», і тым, што манаполія мае патрэбу ў «аптымізацыі выдаткаў на ўсіх узроўнях кіраўніцкіх і вытворчых працэсаў».