Бульба ў Беларусі за год падаражэла на траціну
4- 22.01.2025, 14:08
- 1,916
З харчавання ў катэгорыю «патаннела» трапіў толькі адзін прадукт.
За 2024 год харчовыя тавары падаражэлі на 6,5%, а нехарчовыя - на 3,4%. Але больш цікава будзе прааналізаваць, як змяніліся кошты канкрэтных пазіцый. Такія лічбы прывёў Белстат.
На першым месцы ў падаражанні - бульба. Яе кошт падняўся на 31,2%. Прыстойна дадала і кава - плюс 21%.
У іншых тавараў такіх высокіх паказчыкаў няма. Кандытарскія вырабы, напрыклад, падаражэлі на 9,9%, рыба і морапрадукты - на 9,4%, алкаголь - на 8,5%.
У нізе спісу - мяса і малако (4,5%), гародніна (3,9%) і садавіна (2,5%).
З усіх прадуктаў патаннеў толькі цукар - на 0,3%.
Кошты нехарчовых тавараў
З неядомага больш за ўсё падаражэлі друкаваныя выданні - плюс 9,8%. За імі - лекавыя прэпараты (7,6%), мэбля (6,3%) і тэлевізары (4,5%).
Бензін дадаў 3,5%, адзенне - 2,7%, парфумерыя і касметыка - 2,2%.
У катэгорыі «патаннела» - сінтэтычныя мыйныя сродкі (-1,6%), абутак (-1,9%) і легкавыя аўто (-3,2%).
Паслугі аўтамабільнага транспарту падаражэлі на 14,8 адсотка, ветэрынарныя - на 12,2 адсотка, а жыллёва-камунальныя - на 5,9%. Паслугі адукацыі падаражэлі на 5,1%, а медыцынскія - на 2,4%.