«Расейцы ледзь прасоўваюцца»
3- 22.01.2025, 15:32
- 3,482
Генерал Ходжэс ацаніў рэальныя шанцы РФ на фронце.
Сцвярджэнні аб тым, што «Украіна не можа перамагчы» наступленне расейцаў, не з'яўляюцца дакладнымі.
Такое меркаванне выказаў вайсковы эксперт, генерал і былы камандуючы Наземнымі сіламі ЗША ў Еўропе Бэн Ходжэс у інтэрв'ю падкасту In the Bunker with Darth Putin KGB. «Справа ў тым, што яны ледзь рухаюцца», - сказаў Ходжэс аб пасоўванні расейскіх сіл.
Ходжэс нагадаў, што РФ «мае праблемы з жывой сілай» праз істотныя страты на полі бою, і спрабуе прыцягненнем больш за 10 тысяч паўночнакарэйцаў неяк гэта выправіць.
Ён прызнаўся ў тым, што раней меркаваў, быццам страты прымусяць улады РФ спыніцца...і быў здзіўлены, што яны гатовыя змірыцца з такой колькасцю забітых і параненых уласных салдат.
Генерал таксама заявіў, што не бачыць магчымасці для расейскага прарыву «ў стылі іх дзядоў» у часы Другой сусветнай вайны, бо ў іх няма магутных трэніраваных фармаванняў і паветранага прыкрыцця, што дапамагло б прарваць украінскую абарону і зайсці на 30-60 км у тыл украінскіх абаронцаў «так, як рабілі б іх дзяды супраць нямецкага Вермахта» ў 1943-45 гадах.
«У Расеі няма магутнасцяў, каб перамагчы ўкраінскія сілы, а яе адзіная надзея палягае ў тым, што Захад здасца», – канстатаваў генерал. Ён дадаў, што кіраўніцтва РФ спадзяецца толькі на тое, што Захад адмовіцца ад падтрымкі Украіны, што ЗША, Вялікай Брытанія і іншыя проста скажуць: «Дастаткова, Украіна, вам давядзецца прыняць нейкі вынік перамоў, і давайце скончым з гэтым», менавіта на гэта разлічвае Пуцін.
Ходжэс заявіў, што варта аддаць належнае Генштабу УСУ: «Мы ніколі дакладна не ведалі, якія іх мэты, і мы не маем права гэта ведаць, таму можам толькі здагадвацца аб тым, якія іх мэты для гэтай [Курскай] аперацыі».
У Курскай аперацыі, з яго слоў, тэрыторыя не з'яўляецца галоўнай мэтай. Галоўнае - гэта эфект, які стварае сам факт захопу расейскіх населеных пунктаў УСУ.