Экс-спецназавец ЗША: Распіяраны расейскі МіГ-35 стаў камерцыйным расчараваннем
4- 22.01.2025, 18:45
- 5,800
Расейцы пабудавалі ўсяго шэсць самалётаў.
Расейскі МіГ-35, разрэкламаваны як знішчальнік «пакалення 4++», не змог прывабіць пакупнікоў або дамагчыся поспеху на сусветным рынку ўзбраенняў, стаўшы «камерцыйным расчараваннем». Пра гэта ў артыкуле на 19fortyfive.com піша аглядальнік і былы унтэр-афіцэр сілаў спецыяльнага прызначэння войска ЗША Стыў Балестрыеры.
«Першапачаткова задуманы як абнаўленне МіГ-29, МіГ-35 не валодае ўтоенасцю і перадавымі тэхналогіямі сучасных знішчальнікаў, такіх як F-35, што робіць яго менш канкурэнтаздольным», – адзначыў аўтар.
Ён дадаў, што недахопы самалёта, уключаючы праблемы з лагістыкай, нястачу запасных частак і абмежаваную вытворчасць, падкрэсліваюць няўдалыя спробы продажу.
Паводле ягонай інфармацыі, нягледзячы на мадэрнізацыю кабіны, радара і авіёнікі, расейцы пабудавалі ўсяго шэсць МіГ-35, хоць ён павінен быў стаць расейскім адказам на амерыканскі F-35.
«Распрацаваны як свайго кшталту адказ на F-16, а не як новы малапрыкметны супольны ўдарны знішчальнік, планер не адпавядае патрабаванням. Той факт, што гэта проста яшчэ адзін расейскі праект часоў Халоднай вайны з мінімальнай тэхналогіяй малапрыкметнасці, які пацярпеў ад доўгіх выпрабаванняў, нястачы запасных частак, лагістычных затрымак і асцярог з нагоды адсутнасці перадавых тэхналогій, робіць яго непажаданым экспартным самалётам», – канстатаваў Балестрыеры.
Ён нагадаў, што Егіпет планаваў замовіць два дзясяткі МіГ-35 у 2014 годзе, але потым пастанавіў замест гэтага набыць 46 знішчальнікаў МіГ-29М за 2 мільярды даляраў. А спробы Расеі прадаць МіГ-35 Індыі, Аргенціне, Бангладэш, Малайзіі, Перу, М'янме і В'етнаму пакуль не мелі поспеху.