Зяленскі: Захад вёў не вельмі празорлівую палітыку ў дачыненні да РФ
9- 22.01.2025, 19:12
- 3,504
Ён заявіў, што ФРГ і ЗША давалі лжывыя абяцанні наконт уступлення Украіны ў NATO.
Заходнія краіны перш вялі «не вельмі празорлівую палітыку», даючы лжывыя абяцанні наконт уступлення Украіны ў NATO, паколькі праз дзесяцігоддзі інтэграцыі ў альянс так і не адбылося. Пра гэта заявіў украінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі ў інтэрв'ю міжнародным выданням пасля Давоскага форуму. Запіс апублікаваны на YouTube-канале ягонага офіса.
Палітык назваў падобную сітуацыю несумленнай у дачыненні да Украіны і ўкраінцаў і адзначыў, што няправільна паводзілі сябе і ўкраінскія лідары, якія абяцалі насельніцтву ўступленне ў NATO.
«Я мяркую, што пазіцыя Нямеччыны і Злучаных Штатаў была слабая, таму што яны вялі дыялог з расейцамі, і я мяркую, што яны пацярпелі паразу ў гэтым дыялогу. Паразу, бо яны заўсёды апелююць да таго, што некалі нейкія былі дамоўленасці з расейцамі. У мяне пытанне як ва ўкраінца: а чаго вы раптам дамаўляліся без нас пра нас? Мы незалежная краіна. Чаму вы яшчэ ў 1990-я, у 2000-я ў пачатку і далей, чаму вы ўвесь час дамаўляліся без Украіны, якія ў нас будуць гарантыі бяспекі?» – сказаў Зяленскі.
Большасць краінаў NATO падтрымлівае імкненне Украіны далучыцца да альянсу, супраць выступаюць толькі чатыры краіны: ЗША, Нямеччына, Вугоршчына і Славакія, расказаў прэзідэнт. Ён адзначыў, што насамрэч вызначаюць толькі ЗША і іх прэзідэнт. «Калі [прэзідэнт Дональд] Трамп будзе гатовы бачыць Украіну ў NATO, мы будзем у NATO, усе будуць за. І калі прэзідэнт Трамп не будзе гатовы бачыць нас у NATO, мы не будзем у NATO», – прызнаў Зяленскі.