22 студзеня 2025, Серада, 22:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Менску за «палітыку» судзяць вядомую лекарку-анколага

12
У Менску за «палітыку» судзяць вядомую лекарку-анколага
АЛЕНА ШАРАФАНОВІЧ

Алена Шарафановіч – адна з найлепшых дзіцячых анколагаў Беларусі.

У судзе Першамайскага раёна Менска 30 студзеня 2025 года пачнуць судзіць Алену Шарафановіч. Гэта адна з найлепшых дзіцячых анколагаў Беларусі, у медыцынскіх чатах і супольнасцях немагчыма знайсці ніводнага негатыўнага водгуку пра яе ад пацыентаў. Наадварот, удзячныя людзі перадаюць адно аднаму яе імя, піша «Наша Ніва».

«Гэта доктарка ад Бога. Вылечыла майго сына, калі ўсе гаварылі, што іншага лекавання няма. Вялікі дзякуй вам». «Шарафановіч – вельмі добрая спецыялістка, калі б вы раней звярнуліся, вам дапамаглі б». «Так, да яе, шмат водгукаў пра яе добрых!!!» «Жонка накіравала. Сказала: супердоктарка. Я не верыў і паставіўся скептычна. Але высветлілася, што так і ёсць».

Алене Шарафановіч інкрымінуюць «народны» артыкул 342 Крымінальнага кодэкса – удзел у пратэстах.

Судзіць лекарку будзе намесніца старшыні суда Першамайскага раёна Наталля Дзядкова. Толькі за апошні год яна асудзіла два дзясяткі чалавек за ўдзел у пратэстах. І яшчэ некалькі паводле іншых «палітычных» справаў.

Алена Шарафановіч скончыла Менскі медыцынскі інстытут (2001) і аспірантуру Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі паводле спецыяльнасці «анкалогія» (2019). Шэсць разоў праходзіла курсы павышэння кваліфікацыі, стажыравалася ў Нямеччыне і ЗША.

13 гадоў працавала ў Цэнтры дзіцячай анкалогіі, гематалогіі й імуналогіі ў Бараўлянах, яшчэ тры гады – у РНПЦ дзіцячай хірургіі. Адначасова вяла прыём у «Ладэ», Цэнтры лазернай дэрматалогіі HappyDerm.

У 2022 годзе Алена Шарафановіч, якая была дырэктаркай прыватнай «Клінікі А1», патрапіла ў цэнтр скандалу. Адзін з сузаснавальнікаў медцэнтра пісаў скаргі на сваю ж клініку, таму што ваяваў з іншым сузаснавальнікам, Русланам Шарафановічам – гэта муж Алены. У выніку ў «А1» забралі ліцэнзію і праца была паралізаваная. А на саму Алену адна з супрацоўніцаў напісала данос за «распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў». Яе судзілі, яна атрымала штраф. Клініка неўзабаве зачынілася.

Мяркуючы з звестак «Вясны», Руслана Шарафановіча таксама судзілі паводле крымінальнай справы за ўдзел у пратэстах. Чым скончыўся працэс, невядома.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках