Прэзідэнт Фунэс, які ўцёк з Сальвадора, памёр у Нікарагуа
1- 22.01.2025, 19:39
- 2,636
Ён сканаў ва ўзросце 64 гадоў.
Экс-прэзідэнт Сальвадора Карлас Маўрысіё Фунэс Картахена памёр ва ўзросце 64 гадоў у Нікарагуа, паведамляе мясцовае выданне 19 Digital са спасылкай на Міністэрства аховы здароўя Нікарагуа. Смерць наступіла 21 студзеня ўвечары, у 21:35, у выніку абвастрэння хранічнага захворвання.
Улады выказалі спачуванні дзецям, сваякам, сябрам і калегам Фунеса як у Нікарагуа, так і ў Сальвадоры.
Фунэс узначальваў Сальвадор з 2009 да 2014 года. У 2023 годзе ён быў асуджаны завочна да 14 гадоў турэмнага зняволення за незаконныя перамовы з бандамі падчас ягонага кіравання, піша The Washington Times. Экс-кіраўнік Сальвадора абвінавачваўся ў стварэнні злачыннай асацыяцыі і невыкананні сваіх абавязкаў, сярод іншага, праз перамір'е з вулічнымі бандамі, заключанае ў 2012 годзе для зніжэння ўзроўню гвалту ў краіне. Фунэс адмаўляў, што вёў перамовы з бандамі або даваў іхнім лідарам якія-небудзь прывілеі.
У 2016 годзе Фунэса абвінавацілі ў адмыванні грошай. Ён разам з жонкай і дзецьмі пакінуў Сальвадор і атрымаў прытулак у Нікарагуа.
Папярэднік Фунэса Антоніа Сака ў 2018 годзе быў таксама асуджаны да 10 гадоў турмы за растрату больш як $300 млн з дзяржаўнай казны. Яму быў прызначаны штраф $260 млн. Сака прызнаў віну, што дазволіла скараціць тэрмін. У час расследавання высветлілася, што сродкі ён выкарыстаў для асабістых патрэбаў і патрэбаў сваёй партыі, у тым ліку больш за $7 млн на падтрымку Нацыяналістычнага рэспубліканскага альянсу.