BBC: У Курскай вобласці ліквідаваны амаль 1000 жаўнераў КНДР
3- 4,906
Параненых утрая больш.
На сярэдзіну студзеня жаўнеры КНДР у Курскай вобласці страцілі забітымі і параненымі амаль 4000 вайскоўцаў. З іх блізу 1000 загінулых.
Аб гэтым паведамляе BBC..
Адпаведныя звесткі выданню паведамілі заходнія чыноўнікі. У той жа час карэспандэнт BBC у пытаннях бяспекі Фрэнк Гарднер адзначыў, што гэта вельмі высокі паказчык, улічваючы тое, што на дапамогу РФ у Курскай вобласці, дзе са жніўня УСУ праводзяць аперацыю, было накіравана блізу 11000 паўночнакарэйскіх жаўнераў.
«Гэта вельмі высокі ўзровень страт, і ён непрымальны для паўночнакарэйскага кантынгенту без значнага падмацавання», - падкрэсліў Гарднер.
Пакуль незразумела, дзе параненыя праходзяць лячэнне, і калі і ў якім аб'ёме іх заменяць.
Тым часам баі ў Курскай вобласці, куды ўвайшлі УСУ летась, працягваюцца. Войскам РФ удалося адбіць частку сваёй тэрыторыі, аднак украінскае войска па-ранейшаму працягвае ўтрымліваць кантроль над дзясяткамі населеных пунктаў рэгіёну, уключаючы райцэнтр Суджа.
«Між іншым, баі працягваюцца на паўночны захад ад Суджы ў раёне Кругленькага, Мікалаеўкі і Мікалаева-Дар'іна, на поўнач ад Суджы ў раёне сёлаў Чаркаскае Парэчнае, Паграбкі, Старая Сарочына і Новая Сарочына, а таксама на поўдзень ад Суджы ў раёне Махніўкі», - піша BBC.