Андрэй Саннікаў: Патрэбныя тэрміновыя захады для выратавання беларусаў
5- 23.01.2025, 14:33
- 11,912
Толькі ціск на Лукашэнку дапаможа вызваліць палітвязняў.
Дакументальны фільм пра Беларусь «This Kind Of Hope» («Такога кшталту надзея»), галоўным героем якога з'яўляецца лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў, паказалі ў Канадзе.
Сайт Charter97.org распытаў апазіцыйнага палітыка, як прайшла ягоная паездка.
— Вы былі ў Канадзе ў вельмі цікавы час — адстаўка прэм'ера Джасціна Трудо, канфлікт Атавы з Дональдам Трампам. Ці здолелі неяк прыцягнуць увагу да Беларусі ў такім шчыльным інфармацыйным парадку дня?
- Сітуацыя палітычнага крызісу, вядома, крыху памяняла планы, але паездка была насычанай. Арганізаваў яе вядомы канадскі актывіст, кінарэжысёр Маркус Колга і «Згуртаванне беларусаў Канады». Фільм з дазволу прадусараў быў паказаны ў трох гарадах - Таронта, Атаве і Манрэалі. Першы паказ быў ва Універсітэце Таронта, яго арганізаваў адзін з прафесараў - Лукан Вэй, які быў назіральнікам на «выбарах» у 2006 і 2010 гадах. Ён добра валодае інфармацыяй аб сітуацыі ў Беларусі і ведае абстаноўку ў краіне.
Я б адзначыў два ўзроўні маёй паездкі - паказ фільма і сустрэча з суайчыннікамі ў Канадзе. Абодва гэтыя ўзроўні былі вельмі цікавымі і карыснымі.
- З кім вам удалося сустрэцца?
- Праз крызіс некаторыя сустрэчы скасаваліся, перанесліся, але я сустрэўся са старшынём міжнароднай камісіі парламента, з чальцамі парламента, іншымі палітычнымі дзеячамі, з лідарамі грамадскіх арганізацый, журналістамі. Даў некалькі інтэрв'ю, у тым ліку - нацыянальнай тэлевізіі, якое павінна выйсці бліжэй да 26 студзеня. Былі дыскусіі пасля фільма, сустрэчы з беларусамі, прадстаўнікамі ўкраінскай дыяспары, балтыйскіх дыяспар. У цэнтры абмеркавання былі і Украіна, і Беларусь. Зразумела, што сітуацыя ў Беларусі ўплывае на Украіну, а вайна Расеі супраць Украіны ўплывае на нашу краіну. Мы дастаткова прадметна абмяркоўвалі на ўсіх гэтых сустрэчах, чаго можна чакаць і што можна рабіць.
Пасля Таронта быў паказ у Атаве - у «Cafe Ukraine», якое з'яўляецца не толькі цэнтрам украінскай дыяспары, але і дыяспар усёй Усходняй Еўропы. Вельмі актыўны цэнтр, дзе праходзіць шмат мерапрыемстваў. У часе дыскусіі пасля фільма было шмат пытанняў і пра рэгіён, і пра Еўропу, і пра новую адміністрацыю ў ЗША. Прысутнічалі прадстаўнікі канадскіх няўрадавых арганізацый, украінскіх НДА, беларусы са Згуртавання беларусаў Канады.
- Ці цікавіць канадцаў тое, што адбываецца на еўрапейскім кантыненце?
- У канадцаў вялікія дыяспары. Дамінуюць украінская і польская. Вядома ж, яны цікавяцца тым, што адбываецца ў нашым рэгіёне. Канада ў свой час уводзіла самыя жорсткія санкцыі супраць беларускага рэжыму, каардынуючы іх з ЕЗ і ЗША. Пра гэта ішла размова з канадскімі палітыкамі.
Мы казалі, што трэба ўжываць тэрміновыя захады ў сувязі з жахлівым становішчам беларускіх палітвязняў у турмах. Трэба ратаваць людзей, якіх забіваюць, а для гэтага патрэбны ціск на рэжым Лукашэнкі, інакш ніякіх вызваленняў не будзе. Тое, што зараз адбываецца, - гэта цынічная гульня, калі вызваляюць некалькі чалавек, а захопліваюць яшчэ больш закладнікаў.
Канадскія палітыкі дастаткова добра інфармаваныя аб сітуацыі і, думаю, прымуць жорсткую рэзалюцыю ў сувязі з 26 студзеня. Шчыра кажучы, я нават не ўжываў слова «выбары», а казаў пра тое, што гэты дзень – нагода, каб распавесці пра тое, што адбываецца з палітвязнямі, умовамі іх утрымання і грамадствам у Беларусі.
- У Канадзе адна з найстарэйшых беларускіх дыяспар. Як сітуацыя ў Беларусі бачыцца з-за акіяна?
- Самае добрае ўражанне акурат ад нашых суайчыннікаў. На сустрэчах было не так шмат новых імігрантаў, колькі тых, якія дастаткова даўно там жывуць, асіміляваліся, але ў дыяспары ёсць вялікая цікавасць да захавання мовы і культуры, гісторыі Беларусі. Згуртаванне беларусаў Канады зрабіла вельмі добрае ўражанне. Я раней бываў і ў Таронта, і ў Атаве, а зараз пабываў у Манрэалі. Яны вельмі сур'ёзна і без паказухі ставяцца да захавання культуры, гісторыі і шмат робяць для падтрымкі неабходнасці вызвалення Беларусі.
Размовы былі сур'ёзнымі, а пытанні цікавымі. На жаль, ёсць яшчэ наіўная даверлівасць да авантур, якія зыходзяць ад Ціханоўскай, да прыкладу — да «пашпарта», што страшна шкодзіць людзям, бо яны спадзяюцца, што змогуць аднавіць дакумент прыналежнасці да грамадзянства Беларусі, што абсалютна немагчыма ў межах гэтых ашуканскіх сцэнараў. Але нават гэта сведчыць аб тым, што людзі не жадаюць адрывацца ад радзімы і гатовыя дапамагаць рознымі спосабамі.
- Які ў дыяспары погляд на тое, што адбываецца ў краіне: аптымістычны або песімістычны?
- Цвярозы погляд. Ёсць разуменне, што зараз цяжкія часы, вайна, але ж украінцам яшчэ цяжэй. Трэба падтрымліваць і Украіну, і, нягледзячы на чорныя часы, застаецца мэта вызвалення Беларусі, вяртанне нашай краіны ў дэмакратычную і свабодную Еўропу. Ёсць цвярозае разуменне, што хлусню, якая зыходзіць ад рэжыму Лукашэнкі, нельга ўспрымаць, і яна не ўспрымаецца. Я бачыў, што дыяспара актыўна займаецца тым, што даносіць свой пункт гледжання да палітыкаў і парламентарыяў, добра арганізаваная і выбудаваная работа «Згуртавання беларусаў Канады». Прыемна, што на сустрэчах прысутнічалі дзеці. Дзеці не забываюць ні мовы, ні краіны, хаця некаторыя з іх нарадзіліся ўжо ў Канадзе. Яшчэ раз падкрэслю, што самыя цёплыя сустрэчы былі ў мяне з суайчыннікамі.