У Літве значна ўзрасла колькасць зарэгістраваных беларускіх аўтамабіляў
3- 23.01.2025, 11:21
- 3,592
Сёлета іх колькасць павялічылася ў дзясяткі разоў.
За амаль год, які прайшоў з моманту забароны ў Літве на выкарыстанне аўтамабіляў з расейскімі нумарамі, выяўленыя ўсяго два парушальнікі. Аднак пасля ўвядзення абмежаванняў на аўтамабілі з беларускай рэгістрацыяй у кампаніі Regitra адзначаюць значны рост колькасці перарэгістраваных аўтамабіляў. Сёлета іх колькасць павялічылася ў дзясяткі разоў, піша LRT.
Такі рост звязваюць з уведзенымі абмежаваннямі. З ліпеня мінулага года ўезд у Літву на аўтамабілях з беларускімі нумарамі дазволены толькі асобам, якія маюць пасведчанне на права жыхарства ў Літве або якія атрымалі шэнгенскую візу ў Літве. Таксама дзейнічаюць дадатковыя абмежаванні для такіх аўтамабіляў.
«Аўтамабілем можа карыстацца толькі той чалавек, які на ім уехаў. Перадача яго іншай асобе забароненая», - каментуе прадстаўнік Мытнага дэпартамента Дарус Бінкіс.
Акрамя таго, аўтамабілі з беларускімі нумарамі, не перарэгістраваныя ў Літве, могуць знаходзіцца ў краіне не больш за шэсць месяцаў. Мытныя службы паведамляюць, што кожны дзень у Літву ўязджаюць амаль 400 аўтамабіляў з Беларусі, а выязджаюць - 450.
«Рух праз мяжу застаецца стабільным», - дадае Д. Бінкіс.