23 студзеня 2025, Чацвер, 21:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Індыя адмаўляецца ад расейскай нафты

2
Індыя адмаўляецца ад расейскай нафты

Найбуйнейшая нафтаперапрацоўчая дзяржкампанія шукае альтэрнатыву.

Новыя санкцыі ЗША супраць Расеі паўплываюць на пастаўкі яе нафты, таму Indian Oil Corporation занялася пошукам альтэрнатываў, паведаміў Арвіндэр Сінгх Сахні, старшыня рады дырэктараў найбуйнейшай нафтаперапрацоўчай кампаніі Індыі.

Санкцыі могуць паўплываць на штодзённыя пастаўкі да 2 млн бараляў расейскай нафты ў Індыю і Кітай, сказаў Сахні ў інтэрв'ю Bloomberg. Таму каб папоўніць дэфіцыт, Індыя, паводле ягоных словаў, звернецца да іншых пастаўшчыкоў, такіх як краіны АПЕК, ЗША, Гаяна і Бразілія.

Indian Oil, якая кантралюецца дзяржавай, таксама знойдзе альтэрнатывы, сказаў Сахні. Да вайны ва Украіне Расея забяспечвала менш за 2% індыйскага імпарту нафты, але ў сярэдзіне 2024 г. яе дзель амаль дасягала 45%, паводле звестак Kpler (паводле вынікаў жа мінулага года склала 37,6%). Галоўнай прычынай стаў дысконт, з якім Расеі давялося прадаваць сваю нафту праз санкцыі, еўрапейскае эмбарга і ўведзеную заходнімі краінамі коштавую столь.

Пастаўкі ж такіх традыцыйных прадаўцоў, як Саудаўская Аравія, скараціліся. Набыццё праз доўгатэрміновыя кантракты ў іх прадаўжалася, а ўсе перахопленыя Расеяй пастаўкі ажыццяўляліся «толькі на спотавым рынку», растлумачыў Сахні ў кулуарах Сусветнага эканамічнага форуму ў Давосе.

«Цяпер мы адновім баланс» у галіне закупак, дадаў ён.

10 студзеня ЗША ўвялі самыя агрэсіўныя санкцыі супраць расейскага нафтавага сектару. Паводле ацэнкі Rystad Energy, праз гэта Індыя можа страціць да 500000 бараляў расейскай нафты за дзень. Сярэднясутачныя пастаўкі ў Індыю за чатыры тыдні да 12 студзеня склалі 1,4 млн бараляў, паводле звестак Bloomberg у адсочванні караблёў. За такі самы перыяд да 19 студзеня яны скараціліся да 1330000 бараляў, хоць у выніку гэты паказнік можа быць вышэйшы, паколькі частка танкераў, чые транспондары не паказваюць порт прызначэння, традыцыйна разгружаюцца ў Індыі.

Яна прадаўжае прымаць з Расеі нафту, загружаную да 10 студзеня, цягам дазволенага Злучанымі Штатамі пераходнага перыяду (да 12 сакавіка).

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках