Найлепшы баскетбаліст Беларусі правёў выключны матч у Еўракубку
- 23.01.2025, 21:03
- 1,130
Максім Салаш выступае за французскі «Бурк».
Форвард Максім Салаш з французскага «Бурка» прынёс камандзе перамогу над славенскай «Цэдэвітай» у матчы 16-га тура групавога этапу Еўракубка.
Еўракубак – гэта другі паводле статусу клубны турнір у баскетбольнай Еўропе пасля Еўралігі. Летась «Бурк», дзе гуляе наш легіянер, дабраўся да фіналу, але ўсё ж саступіў іншаму калектыву са сваёй краіны – «Парыжу». У сёлетняй разгулянцы справы ў каманды з 45-тысячнага гарадка няпростыя.
Тым не менш у студзені «Бурк» здолеў выйсці на пераможную каляіну. У сераду познім вечарам яго чакала няпростае выпрабаванне – хатні паядынак з «Цэдэвітай», якая займае 2-е месца ў табліцы турніру. У выпадку паразы ў сувязі з высокай шчыльнасцю ўдзельнікаў «Бурк» мог бы апынуцца адразу на 8-й пазіцыі. Тым не менш гэтага не здарылася.
Баскетбалісты «Бурка» ўзялі верх над спаборнікамі з лікам 87:82. Пры гэтым вызначальную ролю ў поспеху выканаў менавіта 206-сантыметровы волат з Менска. Салаш набраў 22 балы, зрабіў 7 падбораў і 2 перадачы, стаўшы самым дзейсным гульцом у складах абедзвюх камандаў. Такія высокія паказнікі Максім не дэманстраваў з лютага 2024 года і матчу супраць «Нанта».
Нагадаем, тры гады запар паводле вынікаў апытання Салаш прызнаецца найлепшым баскетбалістам Беларусі.