Трамп: Мы спадзяемся, што Кітай дапаможа спыніць вайну паміж Украінай і РФ
13- 23.01.2025, 21:11
- 3,298
Ён мяркуе, што аб'яднаўшы намаганні можна будзе пакласці гэтаму канец.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп выказаў надзею на падтрымку Кітая ў спыненні вайны паміж Украінай і Расеяй. Ён мяркуе, што аб'яднаўшы намаганні можна будзе пакласці гэтаму канец.
Пра гэта Дональд Трамп заявіў у сваім выступе на эканамічным форуме ў Давосе.
Прэзідэнт ЗША заявіў пра неабходнасць справядлівых стасункаў паміж ЗША і Кітаем, падкрэсліўшы, што назапашаны гандлёвы дэфіцыт з гэтай краінай на 1,1 трлн даляраў з'яўляецца непрымальным.
«Насамрэч ён быў чалавекам (кіраўнік Кітая Сі Цзіньпін, – заўв.), які мне патэлефанаваў. Я мяркую, у нас будуць цудоўныя стасункі. Усё, чаго мы хочам, гэта роўнасць, роўныя правілы гульні. Нам не трэба, каб у нас былі цудоўныя стасункі. Мы хочам проста, каб яны былі справядлівымі», – адзначыў Трамп.
Ён таксама падкрэсліў, што, нягледзячы на ўплыў пандэміі COVID-19, якая пачалася ва Ухане, ЗША і Кітай павінны захоўваць эфектыўнае ўзаемадзеянне.
У той самы час Трамп згадаў ролю Кітая ў прыпыненні вайны паміж Украінай і Расеяй.
«Мы спадзяемся, што Кітай дапаможа нам спыніць вайну паміж Украінай і Расеяй. Я згадаў пра гэта, дарэчы, падчас тэлефанавання з прэзідэнтам Сі. Спадзяюся, мы зможам аб'яднаць намаганні і пакласці гэтаму канец», – сказаў ён.