Радослаў Сікорскі: Пуцін паўтарае памылкі Брэжнева
10- 24.01.2025, 15:38
- 7,222
Расея ідзе дарогай СССР.
Міністр замежных спраў Польшчы адослаў Сікорскі выступіў на панэльнай дыскусіі Сусветнага эканамічнага форуму ў Давосе ў чацвер, паведамляе карэспандэнт Business Insider (пераклад — сайт Charter97.org):
- Пуцін паўтарае памылкі савецкага кіраўніцтва ў кантэксце свайго ўварвання ва Украіну. Савецкі Саюз уступіў у супрацьстаянне з Захадам і пацярпеў паражэнне, - заявіў міністр замежных спраў Польшчы.
Са слоў Сікорскага, Пуцін прызнае, што за Брэжневым Савецкі Саюз марнаваў занадта шмат на ўзброеныя сілы, што прывяло да краху краіны. Ён адзначыў, што Пуцін «падкрэслівае важнасць таго, каб пазбегнуць паўтарэння гэтых памылак, але сам робіць менавіта так».
Леанід Брэжнеў, які кіраваў Савецкім Саюзам з 1960-х да 1982 года, стаў сімвалам застою і няздольнасці правесці рэформы, што пагоршылася глабальнай напружанасцю пасля ўварвання СССР у Афганістан у 1979 годзе. Пуцін некалі крытыкаваў эканамічнае становішча Савецкага Саюза.
У лютым 2024 года Пуцін паабяцаў пазбегнуць такой эканамічнай сітуацыі і заявіў, што Захад спрабуе ўцягнуць Расею ў гонку ўзбраенняў. Ён сказаў, што гэта тая ж тактыка, якую Захад «паспяхова» выкарыстаў супраць Савецкага Саюза, і што ў перыяд з 1981 да 1988 года «вайсковыя выдаткі Савецкага Саюза складалі 13% ВУП».
У 2025 годзе Расея мае намер выдзеліць 6,3% свайго ВУП на нацыянальную абарону, што стане самым высокім паказчыкам з часоў халоднай вайны, гаворыцца ў артыкуле Business Insider. Выдаткі на абарону ў 2025 годзе складуць 32,5% ад федэральнага бюджэту, што перавышае 28,3% у 2024 годзе.
Сікорскі заявіў, што за Пуціным Расея «замахнулася на ўсю Еўропу, настроіўшы супраць сябе краіны, якія раней былі прыязнымі ці нейтральнымі», што нагадвае ізаляцыю савецкай эпохі.
У якасці прыкладу Сікорскі прывёў краіны Паўночнай Еўропы, у тым ліку Швэцыю і Фінляндыю, якія ўступілі ў NATO ў выніку ўварвання Расеі ва Украіну. Захад асудзіў расейскае ўварванне, што прывяло да ўвядзення санкцый супраць Расеі і ўцёкаў заходніх кампаній з краіны.
З лютага 2022 года, калі пачалося поўнамаштабнае ўварванне, Расея змяніла структуру сваёй эканомікі, зрабіўшы прыярытэтам вайсковыя выдаткі, і значна павялічыла выдаткі на ўзброеныя сілы. У Расеі назіраецца рост інфляцыі, дэфіцыт працоўнай сілы і падзенне курсу рубля.
Швэдскі эканаміст і былы супрацоўнік Атлантычнай рады Андэрс Ослунд заявіў, што фінансавыя рэзервы Расеі могуць вычарпацца да канца года. Эканоміка Савецкага Саюза абрынулася ў канцы 1980-х і пачатку 1990-х гадоў, і ён канчаткова распаўся ў 1991 годзе.
Каментары Сікорскага падобныя да папярэджання дырэктара-распарадчыка Міжнароднага валютнага фонду ў лютым 2024 года, які адзначыў, што эканоміка Расеі «ў значнай ступені нагадвае тую, што была ў Савецкім Саюзе».
«Агульная сітуацыя для расейскай эканомікі выглядае даволі змрочна. Я б сказаў, што гэта агульная стагнацыя, падобная да таго, што было ў Савецкім Саюзе ў пачатку 1980-х гадоў», — сказаў Аляксандр Каляндр, фінансавы аналітык і старшы навуковы супрацоўнік Цэнтра аналізу еўрапейскай палітыкі.
Міністр эканомікі Украіны Юлія Свірыдэнка таксама заявіла ў Давосе, што ў эканоміцы Украіны справы ідуць лепш, чым у Расеі, але санкцыі ў дачыненні да Расеі неабходна ўзмацніць, каб аслабіць краіну перад мірнымі перамовамі.