Трамп абвінаваціў Пуціна ў крадзяжы
12- 24.01.2025, 16:27
- 9,648
Расея выкрала ў ЗША праект гіпергукавой ракеты.
Расея здолела выкрасці праект гіпергукавой ракеты, якую распрацоўвалі ў ЗША, заявіў амерыканскі прэзідэнт Дональд Трамп. Паводле ягоных словаў, гэта адбылося ў перыяд паміж 2009 і 2017 гадамі, калі ў Белым доме знаходзіўся Барак Абама. «Расея скрала праект, яны атрымалі яго ад нас. Нейкі дрэнны чалавек даў ім праект супер гіпергукавой [ракеты]», – сказаў Трамп у інтэрв'ю Fox News.
Аднак ён запэўніў, што ў ЗША ўсё роўна будуць уласныя «звышгіпергукавыя» ракеты, якія «нават на крок лепшыя», чым тыя, чарцяжы якіх выкралі прадстаўнікі Расеі. Трамп паабяцаў, што працы над іх стварэннем пачнуцца «даволі хутка». Таксама ён адзначыў, што будучыя войны будуць весціся не на палях бітваў, а ў паветры, таму вельмі важныя дроны.
Трамп не першы раз абвінавачвае Расею ў крадзяжы праекту гіпергукавой ракеты. У 2020 годзе ён заявіў, што ў Масквы «ёсць супер-пупер-гіпергукавая ракета, хуткасць якой у 5 разоў перавышае хуткасць звычайнай ракеты». Тады ён таксама сцвярджаў, што Расея атрымала інфармацыю аб распрацоўцы ў часы адміністрацыі Абамы. Трамп паўтарыў свае абвінавачанні на адным з мітынгаў падчас перадвыбарнай кампаніі ў 2023 годзе. У Крамлі на гэта заявілі, што ў Расеі «ёсць свая цудоўная ракета».
Афіцыйна Расея распрацавала некалькі гіпергукавых ракетаў: «Цыркон» марскога базавання, «Кінжал» паветранага базавання і «Авангард» шахтавага базавання (у гэтых ракетаў ёсць гіпергукавы лунальны крылаты блок). Прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін заяўляў у 2023 годзе, што Масква «фактычна» не ўжывае гэтую зброю, але «яна ёсць».
Пра стварэнне амерыканскай гіпергукавой ракеты Трамп упершыню паведаміў у траўні 2020 года. Тады ён сцвярджаў, што яна будзе ў 17 разоў хутчэйшая за тую, што ўважаецца за самую хуткую ў свеце, і зможа збіваць цэлі на адлегласці 1,6 тыс. км. Гэтую ракету выпрабавалі ў сакавіку таго ж года. Пры гэтым у верасні 2023 года Wall Street Journal пісаў, што працы над гіпергукавой зброяй у ЗША па-ранейшаму знаходзяцца на пачатковым этапе, а гатовыя ўзоры ракетаў паступяць на ўзбраенне не раней як праз дзесяць гадоў.