У Беларусі запускаюць «ваколсветны» аўтобусны маршрут
3- 24.01.2025, 19:10
- 6,540
Жыхары Гарадзенскай і Менскай абласцей змогуць дабірацца наўпрост у самыя далёкія куткі і раёны.
У апошні дзень студзеня ў Беларусі з'явіцца новы аўтобусны маршрут Навагрудак – Астравец – Менск.
Транспарт, як удакладніла Tochka.by у прэс-службе кампаніі «Атлас», будзе праходзіць больш за 350 км па дарогах у васьмі раёнах Гарадзенскай і Менскай абласцей.
Заязджае ён у Карэлічы, Іўе, Юрацішкі, Ашмяны, Астравец і Смаргонь.
Але ж можна хутчэй
Перавознік адзначае, што існуюць і больш хуткасныя варыянты, каб дабрацца ад аднаго канцавога пункта да другога.
Аднак цікавей для пасажыраў выглядаюць «плечы» маршруту. Так называюцца адрэзкі пуці. Напрыклад, Астравец – Менск, Іўе – Смаргонь ці нават Шчорсы – Ашмяны. А таму з'яўляецца магчымасць без перасадак дабрацца ў іншы куток сваёй ці суседняй вобласці.
Колькі каштуюць квіткі?
Квіткі ўжо можна набыць на сайце і ў праграме кампаніі «Атлас». Паездка ад Навагрудка да Астраўца абыдзецца на Br9. Квіток Карэлічы – Астравец будзе каштаваць Br12.
Дабрацца ад Астраўца да Менска або назад можна за Br20 (у дарозе 2,5 гадзіны). Паездка ад Смаргоні да сталіцы будзе каштаваць Br15.
Аўтобус будзе курсіраваць штодзень. Выезд з Наваградка – у 05:30. З Астраўца ў бок Менска ён будзе выпраўляцца ў 09.09.
Назад выезд з Менска – у 12:40. У 15:55 аўтобус будзе выпраўляцца з Астраўца ў кірунку Іўя, Навагрудка і Карэлічаў.
Перавознік абяцае сучасны і камфортны бус, дзіцячую зніжку 50% і бясплатны праезд для малых да 5 гадоў.