Беларуска прыйшла на гішпанскае шоу спатканняў і паказала розніцу ў культурных звычаях
4- 24.01.2025, 20:27
- 12,830
Няёмкі момант.
У нядаўнім эпізодзе гішпанскага тэлешоу First Dates пры знаёмстве маладога мадрыдца і дзяўчыны з Беларусі адбыўся крыху няёмкі момант праз розніцу ў звычаях. Пра гэта гаворыцца на сайце праекту, які транслюецца каналам Quatro, звярнуў увагу партал «Беларусь і свет».
У гэтай серыі праекту, падчас якога незнаёмцы пры камерах прыходзяць адно да аднаго на першае спатканне і вызначаюць, ці варта ім прадаўжаць, сустракаліся 20-гадовы гішпанец Драгаш і 21-гадовая беларуска Ілона.
Драгаш – студэнт, які вывучае філасофію, палітыку і эканоміку, родам з Мадрыда. Ён прывык пры прывітанні выкарыстоўваць звыклую гішпанскую традыцыю – падвойны лёгкі пацалунак у абедзве шчакі.
Ілона ж – актрыса і мадэль, таксама жыве ў Мадрыдзе, але сама родам з Беларусі.
«У Беларусі мы не прывыклі цалаваць адно аднаго два разы. Мы кажам “прывітанне” рукой і, калі што, абдымаемся», – патлумачыла яна.
Вось чаму, увайшоўшы ў рэстаран, Ілона менавіта абняла афіцыянтку праекту Лору Баадо, а потым Драгаша, які быў крыху збянтэжаны, бо хацеў падарыць ёй пару легендарных гішпанскіх пацалункаў.
Аднак скончылася ўсё добра. Падчас зносінаў хлопец і дзяўчына знайшлі некалькі агульных пунктаў судакранання. Таксама Драгаш здзівіў Ілону, праспяваўшы ёй песню і падыгрываючы на гітары. У выніку прагучала ўзаемнае «так» другому спатканню.