Мянчанка прадала няісныя туры на 170 тысяч, а потым з'ехала з краіны
5- 26.01.2025, 11:52
- 8,160
Праз тры гады яе знайшлі.
Следчы камітэт шукае пацярпелых ад схемы з турамі. У верасні 2019 года мянчанка занялася турыстычным бізнэсам, але амаль чатыры дзясяткі яе кліентаў нікуды не паляцелі, а сама яна з'ехала ў Расею, піша Onlíner.
Са звестак следства, турфірма прапаноўвала прывабныя туры, але потым узнікалі праблемы. «Мянчанка прыдумляла для пакупнікоў розныя прычыны: патрабуецца дадатковая мыта для афармлення візы або неабходна тэрмінова ўнесці папярэднюю аплату за трансфер. Акрамя таго, жанчына не саромелася сістэматычна браць у пазыку грошы ў кліентаў для развіцця турыстычнага бюро», - паведамляе СК.
У 2021 годзе пацярпелыя звярнуліся ў праваахоўныя органы. Следчыя распачалі крымінальную справу паводле ч. 4 арт. 209 (махлярства, учыненае ў асабліва буйным памеры). Высветлілася, што мянчанка вінная за туры больш за 170 тысяч рублёў, яна з'ехала з краіны і блізу трох гадоў была ў вышуку.
У кастрычніку 2024 года следчыя атрымалі інфармацыю, што жанчына знаходзіцца ў Расеі. Яна затрымана, разглядаецца пытанне аб яе экстрадыцыі ў Беларусь.
СК устанаўлівае дачыненне жанчыны да аналагічных злачынстваў, пацярпелыя могуць звяртацца праз тэлефон: 8 (017) 389-55-55 і 8 (044) 500-31-11.
Дапоўнена
Onlíner пісаў аб гэтай гісторыі: у 2021 годзе больш за 30 пацярпелых спрабавалі вярнуць грошы, якія яны заплацілі менскай турфірме. «Сітуацыя такая: мы ў выніку працы ў кавідным рэжыме апынуліся ў цяжкім становішчы. Спрабуем разабрацца з нашымі праблемамі і разбяромся», - каментавала тады дырэктар кампаніі.
Адна з пацярпелых, Надзея, пацвердзіла, што размова ідзе менавіта аб гэтай гісторыі. На жаль, грошы вярнуць пакуль не атрымалася.