Украіна знішчыла адзін з найбуйнейшых расейскіх НПЗ: у Генштабе УСУ раскрылі дэталі
- 26.01.2025, 16:09
- 11,542
Таксама знішчаны пункт кіравання Ціхаакіянскага флоту РФ.
Сілы беспілотных сістэм УСУ і ГУВ паўторна ўдарылі па аб'ектах "Разанскай нафтаперапрацоўчай кампаніі", якая задзейнічаная ў забеспячэнні расейскага акупацыйнага войска. Пра гэта паведамілі ў Генштабе УСУ.
Адзначаецца, што ў выніку ўдару былі зафіксаваныя выбухі і пажар у раёне гэтай цэлі.
«Разанскі нафтаперапрацоўчы завод уваходзіць у чацвёрку найбуйнейшых НПЗ Расейскай Федэрацыі. Прадпрыемства вырабляе дызельнае паліва і рэактыўнае паліва МС-1», - адзначылі ў Генштабе.
Таксама там дадалі, што напярэдадні ракетныя войскі Украіны ўдарылі па перадавым пункце кіравання ў раёне населенага пункта Коранева Курскай вобласці РФ. Адзначаецца, што ў пункце магла знаходзіцца аператыўная група Ціхаакіянскага флоту. Цяпер наступствы пашкоджанняў удакладняюцца.
«Баявая праца па пунктах кіравання ворага і важных аб'ектах, задзейнічаных у забеспячэнні войска расейскіх агрэсараў, будзе прадаўжацца», - дадалі ў Генштабе.
Абноўлена
Паводле інфармацыі УНІАН ад крыніц у спецслужбах, хаця Мінабароны РФ і заявіла аб збіцці васьмі беспілотнікаў - відавочцы зафіксавалі на відэа блізу дзесяці выбухаў. Пасля іх у розных месцах НПЗ пачаліся моцныя пажары.
«Мясцовыя праваахоўнікі хутка ачапілі раён НПЗ з мэтай не дапусціць да тэрыторыі шматлікіх відавочцаў, якія маглі пацвердзіць дакладнасць трапляння дронаў, як гэта было папярэдні раз, уночы 24 студзеня. Тады таксама адбылася дзейсная атака добрых дронаў на Разанскі НПЗ. Шматлікія відэа і фота ў сацыяльных сетках з каментарамі мясцовых жыхароў пацвердзілі траплянне і дэтанацыі вялікіх ёмістасцяў з нафтапрадуктамі», - адзначаюць крыніцы УНІАН.
Яны таксама дадалі, што Разанскі НПЗ мае заяўлены аб'ём перапрацоўкі нафтапрадуктаў да 17 млн. тон на год, з-за чаго ён з'яўляецца адным з найбуйнейшых нафтаперапрацоўчых заводаў у Расеі.
«Частка вырабленых нафтапрадуктаў пастаўляецца ўзброеным сілам РФ, частка ідзе на экспарт. НПЗ размешчаны на адлегласці больш за 450 кіламетраў ад мяжы Украіны», - дадаюць крыніцы УНІАН.