Ізраіль пачаў перакідванне ва Украіну трафейнай расейскай зброі
- 26.01.2025, 15:06
- 8,610
На гэта ўказвае аналіз рэйсаў вайсковых транспартных самалётаў.
Украіна магла атрымаць першыя партыі расейскай зброі, захопленай Арміяй абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) падчас баявых дзеянняў на Блізкім Усходзе.
Пра гэта паведамляе маніторынгавы цэнтр OSINTdefender, які спецыялізуецца на аналізе ваенных канфліктаў у Еўропе і іншых рэгіёнах свету.
З яго звестак, некалькі амерыканскіх вайсковых транспартных самалётаў C-17, якія належаць ВПС ЗША, здзейснілі пералёты з Нямеччыны ў Ізраіль і далей у польскі горад Жэшув.
Гэты населены пункт з'яўляецца ключавым лагістычным цэнтрам для вайсковай дапамогі, якая надаецца Украіне ЗША і краінамі NАТО.
Што менавіта перавозілі самалёты, застаецца невядомым. Аднак раней Ізраіль заявіў, што разглядае перадачу Украіне расейскай зброі, захопленай на Блізкім Усходзе.
Сярод магчымых паставак - танкі, супрацьтанкавыя кіраваныя ракеты, боепрыпасы.
Гэта ў дадатак да ЗРК Patriot, якія Тэль-Авіў таксама планаваў перадаць Кіеву, адзначае OSINTdefender.
Увосень 2024 ізраільскія вайскоўцы выявілі на поўдні Лібана падземную базу групоўкі «Хезбала». Гэты аб'ект служыў камандным цэнтрам элітнага падраздзялення «Радван» і складам рознага ўзбраення, у тым ліку расейскае. Сярод знойдзенай зброі былі ракеты, мінамётныя набоі, аўтаматы Калашнікава, боепрыпасы, бронекамізэлькі і многае іншае.
21 студзеня 2025 года пасольства Украіны ў Ізраілі паведаміла, што Тэль-Авіў прапанаваў перадаць Кіеву расейскае ўзбраенне, захопленае ЦАХАЛ. Украінскі бок назваў гэты крок важным і выказаў надзею на станоўчае развязанне. У заяве пасольства падкрэсліваецца, што такая ініцыятыва дэманструе разуменне Ізраілем агульных пагроз, якія стаяць перад Кіевам і Тэль-Авівам.