Літва дэмантуе лініі электраперадачы з Беларуссю
16- 29.01.2025, 18:23
- 7,492
Работы дэмантажу пачнуцца сёлета ў лютым.
Літва дэмантуе лініі электраперадачы з Расеяй і Беларуссю пасля сінхранізацыі з сеткамі кантынентальнай Еўропы, паведамляе LRT.
Лініі электраперадач з Расеяй і Беларуссю адключаць у лютым 2025 года, пасля іх дэмантуюць.
«Некаторыя лініі электраперадач з трэцімі краінамі ўсё яшчэ функцыянуюць. Усе лініі будуць адключаныя 8 лютага 2025 года, калі скончыцца тэрмін дзеяння пагаднення БРЭЛЛ. Адразу пасля гэтага пачнуцца працы дэмантажу», - паведаміў літоўскі аператар сістэмы перадачы электраэнергіі Litgrid.
Раней урад Літвы выключыў сем ліній электраперадач з Расеяй і Беларуссю са спіса актываў і аб'ектаў, важных для нацыянальнай бяспекі.
Краіны Балтыі будуць сінхранізаваныя з сеткамі кантынентальнай Еўропы 9 лютага 2025 года. За дзень да гэтага Літва, Латвія і Эстонія адключацца ад сістэмы БРЭЛЛ і правядуць адзіную супольную ізаляваную праверку працы.